Пакуль у Беларусі бензін даражэе, у Туркменістане яго раздаюць бясплатна

“Па ініцыятыве папярэдняга прэзідэнта Туркменістана Сапармурата Ніязава быў усталяваны пэўны кошт, каб людзі маглі карыстацца прыроднымі багаццямі. У тым ліку, і бензінам. Гэта была пэўная палітыка”, — расказвае мне журналіст туркменскай службы радыё “Свабода” Мурат Рахімаў.

130116_pilecki_benzin.mp3

Кошт на бензін у гэтай краіне проста фантастычны. За адзін долар можна набыць каля 40 літраў. Нешта падобнае ёсць толькі ў Венесуэле — там за долар вам нальюць 20 літраў. Сярэдні заробак у Туркменістане прыкладна роўны 150 доларам.

Але і гэта яшчэ не ўсе цуды. Кожны грамадзянін Туркменістана, які мае ва ўласнасці легкавую машыну, мае права на… 120 літраў бензіну ў месяц. Калі асабліва далёка не ездзіць — хопіць з гакам. Матацыклістам на месяц даюць 40 літраў паліва. І гэта яшчэ мала — у мінулым годзе бясплатна налівалі 200 літраў.

Рахімаў расказвае, што пры мінулым прэзідэнце нізкія кошты на паліва часам шакавалі людзей. Квіток на унутраныя авіярэйсы мог каштаваць усяго долар!

“Напрыклад, квіток на самалёт паміж Мары і Ашхабадам, паміж якімі гадзіна лёту, каштаваў адзін долар. Людзі не верылі нават, што такое магчыма”.

Туркменістан мае вялікія запасы нафты, і можа сабе дазволіць такія шырокія жэсты.

Іначай у Азербайджане, паліва там таннейшае, чым у Беларусі — усяго палова еўра за літр. За сярэдні заробак у Баку (прыкладна 450 еўра) можна набыць каля 900 літраў паліва. Пры гэтым, кошт стабільны. Жыхар Баку Хусэйн расказвае Еўрарадыё, што цэннікі на запраўках не мяняліся апошнія гады тры!

Але і Туркменістан, і Азербайджан з Беларуссю параўноўваць цяжка — у нас няма радовішчаў нафты. А таму лагічна, што кошт бензіну будзе вышэйшы.

Затое можна параўнаць з Малдовай. Сярэдні заробак там значна ніжэйшы, чым у Беларусі — каля 200 еўра. А вось літр бензіну каштуе даражэй, — каля аднаго еўра. Журналіст кішынёўскага інфармацыйнага агенцтва “Цімпуля” Іон Макавей расказвае Еўрарадыё, што на малдаўскім рынку нафтапрадуктаў пануюць замежныя кампаніі — перадусім, расійскі “Лукойл” і некалькі румынскіх.

“Лукойл”, затым ёсць “Бемол” — кампанія азербайджанскага інвестара, яшчэ ёсць румынскія кампаніі “Ромпетрол” і “Петром”, і “Валекскімп” — гэта ўжо мясцовая кампанія”.

Тым часам у Мінску пасля чарговага падаражання літр бензіну АІ-92 каштуе прыкладна 0.7 еўра. І гэта адзін з самых нізкіх коштаў у свеце. Нават у Расіі, якая прадае нам нафту, даражэй. У сярэднім, 1.2 еўра за літр бензіну.

краіна

кошт за літр

бензіна (долары)

Расія

0.86

Украіна

1,34

Літва

1,71

Латвія

1,67

Польшча

1.68

Нарвегія

2.43

ЗША

0.96

Італія

2.17

Казахстан

0.93

Чэхія

1.78

Германія

1.99

 Крыніца - "РІА Новості".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі