Пайшоў з жыцця былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на выступ прэм'ер-міністра краіны Петэра Нечаса у эфіры чэшскага тэлебачання. Вацлаў Гавэл памёр у выніку ўскладненняў пасля працяглай хваробы.

Вацлаў Гавэл узначальваў Чэхаславакію з 1989 па 1992 год, а ў 1993-2003 гадах ён быў першым прэзідэнтам Чэхіі.

У канцы 1980-х гадоў Гавэл быў адным стваральнікаў "Грамадзянскага форуму", які стаў галоўнай апазіцыйнай сілай у Чэхаславакіі напярэдадні распаду сацыялістычнага блока. 29 снежня 1989 на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат федэральнага сходу Чэхаславацкай рэспублікі Гавэл быў абраны прэзідэнтам.

Для дэмакратычнай Беларусі Вацлаў Гавэл быў асобай, якая падтрымлівала апазіцыйны рух, грамадскія і моладзевыя арганізацыі. У шматлікіх інтэрв'ю ён часта гаварыў аб праве беларусаў жыць у свабоднай краіне, якая была б часткай адзінай аб'яднанай Еўропы.

***

Сусветныя палітычныя дзеячы спачуваюць у сувязі са смерцю былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла. Пісьменнік і дысідэнт памёр у нядзелю пасля працяглай хваробы.


Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек назваў Гавэла героем Аксамітнай рэвалюцыі 1989 года. Ён адзначыў, што яго будуць аплакваць не толькі ў Чэхіі і Славакіі, але і ва ўсёй Еўропе, аб'яднанню якой садзейнічаў Гавэл. Высілкі Вацлава Гавэла ў вяртанні Чэхіі ў свабодную Еўропу і ў аб'яднанні яе адзначыў і прэзідэнт ЗША Барак Абама.


Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель назвала Гавэла вялікім еўрапейцам. Французскі прэзідэнт Нікаля Сарказі заявіў, што Вацлаў Гавэл быў вялікім сябрам Францыі. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран у сваёй заяве адзначыў, што Гавэл вызваліў чэшскі народ ад тыраніі.

***
Званы ў памяць па памерлым былым прэзідэнце Чэхіі Вацлаве Гавэле загучалі ў храмах па ўсёй Чэхіі ўвечары ў нядзелю. Кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў гэтай краіны Дамінік Дука нагадаў, што Гавэл быў вернікам Каталіцкай царквы. Ён заклікаў усіх чэхаў аддаць даніну павагі з пачуцця ўдзячнасці свайму вялікаму земляку, інфармуе РІА "Новости".


Нагадаем, што пахаванне Вацлава Гавэла прызначае на пятніцу, 23 снежня. Сёння мусіць адбыцца пазачарговае паседжанне чэшскага ўраду, які прыме рашэнне аб аб'яўленні жалобы ў краіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі