Някляеў: “Нягледзячы на тое, што здарылася, мы прапануем уладзе дыялог”

У панядзелак экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў правёў першую пасля вынясення прысуду прэс-канферэнцыю. І найперш расказаў пра “план Плошчы” свайго выбарчага штаба. Як высветлілася, паход людзей з Кастрычніцкай плошчы да Дома ўрада планаваўся ад пачатку.


Уладзімір Някляеў: “Мы з Плошчы (Незалежнасці — Еўрарадыё) не збіраліся сыходзіць. Мы не збіраліся трымаць там усю ноч людзей, але самі сыходзіць не збіраліся. Мы збіраліся заклікаць людзей прыйсці на наступны дзень. Як паказвае практыка — колькасць людзей на наступны дзень падвойваецца. Вельмі проста прадказаць далейшую сітуацыю: 50 тысяч — ператвараюцца ў 100, 100 — у 200 тысяч. А там — “Сыходзь!” і не інакш”.



Была ў гэтым плане і надзея на перамовы з прэм'ерам Сідорскім — адзіным, кажа Аляксандр Фядута, чалавекам, які, акрамя прэзідэнта, мог прыняць рашэнне аб прызнанні вынікаў галасавання несапраўднымі.


Аляксандр Фядута: “Меркавалася, што дзяжурны ў прыёмнай прыме ад кандыдатаў рэзалюцыю мітынга і паведаміць спадару Сідорскаму, які наўрад ці спаў гэтай ноччу, што такая рэзалюцыя ёсць. І далей Сідорскі, па ідэі, павінен быў неяк рэагаваць. Альбо сказаць: “Добра”, альбо — “Ідзіце з гэтай рэзалюцыяй туды, адкуль прыйшлі”. Ён не зрабіў ні таго, ні другога”.



Праўда, на падзеі вечара 19 снежня Уладзімір Някляеў ужо не мог ніяк паўплываць: на той час ён быў збіты невядомымі і адвезены ў лякарню. І зараз, кажа Някляеў, для яго справа гонару — давесці расследаванне нападу на яго да лагічнага канца.


Уладзімір Някляеў: “Гэты эпізод уяўляе для нас большую цікавасць, чым для следства. Але тут намі была зробленая памылка, мы яшчэ не разабраліся ў яе каранях: нельга было змяняць у апошні дзень маршрут руху кампаніі “Гавары праўду!”. Адкуль гэта пайшло, мы так і не высветлілі. Калі я патрапіў у КДБ, то падумаў, што гэта прыдумка “канторы” самой. Яны пачалі клясціся: “Што заўгодна, але да нападу на вашую калону мы адносінаў не маем”.


Дарэчы, паводле экс-кандыдата, ён быў гатовы да “пасадкі”. І нават напісаў 16 снежня даверанасць на імя Аляксандра Фядуты, якая давала таму права прадстаўляць інтарэсы Някляева ў судзе. Праўда, быў упэўнены, што гэта адбудзецца пасля 19 снежня, а не ў гэты ж дзень.


Еўрарадыё папрасіла Някляева ўзгадаць момант яго “вывазу” з лякарні хуткай дапамогі. Той прызнаўся, што ў час, калі ў пакоі з’явіліся “людзі ў чорным”, ляжаў пад кропельніцай, і прыгадвае падзеі ўрыўкамі.


Уладзімір Някляеў: “Пачаў нешта цяміць, калі мяне пацягнулі па лесвіцы. Голага цягнуць. Я кажу: “Пачакайце, дайце апрануцца”. “Мы тебя оденем, не волнуйся!”. Яны мяне заштурхалі нагамі пад сядзенне мікрааўтобуса. Бляха халодная пад спіной, мароз, і я думаю: “Куды мяне могуць завезці?”. Гэтыя людзі могуць думаць толькі адно — што мне адзежа больш не спатрэбіцца. І намагаўся зразумець, куды аўтобус павярне: ці ў горад, у турму, ці — за Кальцавую”...



Не лепшая, прызнаўся, была атмасфера і ў СІЗА КДБ — без сустрэч з адвакатам, без інфармацыі.


Уладзімір Някляеў: “Такое адчуванне было, што завядуць у тыя ж сутарэнні, у якія вадзілі ў 1930-я гады, і там усіх з пісталета пакладуць. І нічога не ведаеш, што там, за сценамі! Я разумеў, што нешта адбываецца, што не могуць нас кінуць. Але што так ускалыхнецца увесь свет, што так прыгарнецца да Беларусі, я не чакаў”.


Вось толькі адмаўляцца ад далейшай палітычнай дзейнасці паэт не збіраецца. Хоць, апроч палітыкі, і працягне займацца рознымі сацыяльнымі праектамі. Галоўным жа зараз для сябе бачыць дзеянні па вызваленні палітвязняў. Ад гэтага, кажа, будзе залежыць і рэгістрацыя “Гавары праўду!” у якасці палітычнай партыі, і ўдзел яе ў парламенцкіх выбарах.


Уладзімір Някляеў: “Вырашаецца пытанне палітзняволеных: яны на волі — тады на парадак дня выносяцца ўсе іншыя пытанні. У тым ліку і пытанне ўдзелу-няўдзелу ў парламенцкіх выбарах. І мы, нягледзячы на ўсе, што здарылася, прапануем тое, што прапаноўвалі і да гэтых падзей уладзе, — дыялог. Давайце выпрацуем яго фармат і паспрабуем усё ж такі зразумець, што адбываецца, і разам паспрабуем з гэтай сітуацыі выбрацца”.



А ў тым, што ўлады пойдуць на дыялог, палітык амаль упэўнены. Маўляў, зараз, калі ў краіне цяжкае эканамічнае становішча, ўладзе нічога іншага не застаецца.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі