Някляеў: Кіраваць трэба так, каб ніхто не бачыў, што табой кіруюць

У новым відэапраекце Еўрарадыё "Кандыдата ў студыю!" Уладзімір Някляеў распавёў, навошта ў "мужчынскі дзень" гуляе з жонкай па тонкім лёдзе, з-за чаго ад яго адвярнуліся некаторыя сябры, чаму пайшоў у палітыку і што можа супрацьпаставіць сённяшняму "застою".

БЛІЦ-АНКЕТА


— Ваш ідэал палітычнага лідара?

— Той самы, што і ў Канфуцыя. Калі ў Канфуцыя спыталіся: “Якім павінен быць імператар?” — ён сказаў: “Незаўважным”. Кіраваць трэба так, каб ніхто не бачыў, што табой кіруюць. 

— Ваша ўлюбёная кніга альбо песня?

— “Тры мушкецёры” Аляксандра Дзюма. Прычына: там напісана пра ўсё, што з чалавекам можа быць і нават пра тое, што можа і не стацца. А песня — тая, што спявала мая маці: “Ой, жураўку-жураўку! Чаго крычыш на ранку? Ой, як жа мне не крычаць? Трэба высака лятаць”.

— Як вы ставіцеся да сексуальных меншасцяў?

— Ніяк. Проста не стаўлюся ніяк. Калі яны ёсць — хай будуць, гэта іх асабістая праблема. 

— У колькі разоў заробак прэзідэнта мусіць быць большы ці меншы за заробак настаўніка?

— Меншы, відаць, наўрад ці ён павінен быць. Але каб не было сацыяльнага напружання ў грамадстве, не павінны вельмі адрознівацца заробкі па вертыкалі. Найвышэйшы і найніжэйшы не павінны перавышаць адно аднаго ў тры, ну, можа, у пяць разоў.

— На дадзены момант, калі ў вас ёсць у кішэні кашалёк, колькі ў ім грошай?

— Раніцай было 300 тысяч. Сто тысяч я аддаў жонцы — значыцца, цяпер у мяне 200 тысяч рублёў.

— Як вы дома называеце сваю жонку?

— "Яска мая"!

— Раскажыце пра самую важную сямейную традыцыю.

— Мы штогод на 23 лютага выбіраем рэчку — звычайна гэта Свіслач каля моста, і пераходзім яе па лёдзе. А калі няма лёду на Свіслачы, то мы выбіраем рэчку, дзе ён ёсць. У той дзень, калі мы пазнаёміліся, нават больш скажу — зблізіліся, мы зрабілі гэта, перайшоўшы па лёдзе праз Свіслач. 

Тады лёд яшчэ не рухаўся, але ўжо ўздыбліваўся, ён набухаў, і ісці было небяспечна. І мы загадалі: “Калі мы дойдзем да другога берага, то мы пройдзем разам да таго берага, які непазбежна ў нас наперадзе, — наша жыццё”.

— Святы, пазначаная ў календары чырвоным колерам — якія б вы выкраслілі, а якія дадалі?

— А навошта святы выкрэсліваць?! Ніякія святы я не стаў бы выкрэсліваць. Святы хай будуць ва ўсіх тыя, якія каму хочацца святкаваць. А што да свята, якое я хацеў бы ўвесці, то я напісаў аднойчы ў сваім дзённіку, што з усіх святаў, якія святкую чалавецтва, мне не хапае Дня Ціхага акіяна. Метафарычна маецца на ўвазе — Дня цішыні.

— Вы можаце сказаць, колькі сёння каштуе бутэлька гарэлкі?

— Дзесяць тысяч прыкладна.

— А колькі павінна каштаваць?

— Калі мы не хочам спаіць краіну, а мы гэтага не хочам, то яна павінна каштаваць даражэй. Хочаш напіцца — вазьмі і заплаці за гэта адпаведную цану.

— Ці ёсць у вас сапраўды блізкія сябры, хто яны і ці ўдзельнічаюць у вашай прэзідэнцкай кампаніі?

— Павінен сказаць, што да прэзідэнцкай кампаніі іх было значна больш. Спадзяюся, што пасля прэзідэнцкай кампаніі, калі я стану прэзідэнтам, іх колькасць дадасца. Так заўсёды бывае ў гэтым свеце. Я гэтаму не здзіўляюся. Але з гэтага вынікае, што тыя сябры, якія на час не сталі сябрамі, проста імі і не былі, вось і ўсё! Засталіся тыя, хто застаўся, і яны зараз разам са мной.

— Але называць вы іх не хочаце?

— Я не думаю, што гэта зараз пойдзе ім на карысць.

— У якую паліклініку вы звяртаецеся пры неабходнасці? З бранхітам са сваім?


— Я ні ў якія паліклінікі ні з чым не звяртаюся. Калі ў мяне бранхіт — у мяне ёсць цётка Алена, якая дае мне траўкі. Мы гаварылі пра алкаголь — вось тут і алкаголь у разумных межах не шкодзіць. З чорным перчыкам. Таму, я ні ў якія паліклінікі не звяртаюся і спадзяюся яшчэ доўга не звяртацца.

— Раскажыце анекдот. Першы, які прыйшоў зараз у галаву.

— Свой магу расказаць. Я апроч вершаваных і празаічных кніг прыдумаў некалькі анекдотаў, з дзясятак, можа. Задавальненне самае вялікае, калі ты едзеш у цягніку і табе расказваюць тое, што ты прыдумаў гадоў 10-15 таму. Ён ужо з мадыфікацыямі, людзі дадаюць нешта. Анекдот такі: “Падаравалі індзейцу новы бумеранг — запацеў стары выкідаць”. Лукашэнка — гэта той бумеранг, які да нас ізноў вярнуўся.

— А нам зараз прапануюць новы бумеранг — Някляева!

— Ну, гэтага можа запусціце так, што і не вернецца!

АСОБА


— Чаму вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?

– Я не толькі паэт: у 20 гадоў я быў выконваючым абавязкі прарабскага ўчастка, і ў мяне ў падпарадкаванні было амаль 20 тысяч людзей. Уся мая праца кіраўніка — я быў галоўным рэдактарам, старшынёй Саюза пісьменнікаў — скіраваная была на тое, каб дабіцца ў калектыве, незалежна ад яго колькасці, такой працы, каб усё ішло і ў тым выпадку, калі кіраўнік адсутнічае. Калі б усе нашыя праблемы можна было вырашыць літаратурай, паэзіяй — напісаў моцную, энергетычную кнігу і дасягнуў — я б не палез у палітыку. Але відавочна, што сённяшнюю эканамічную, палітычную, сацыяльную сітуацыю можна вырашыць толькі у палітыцы. Таму я ў ёй.

— Лукашэнка ў свядомасці людзей атаясамлівае стабільнасць. А вы што людзям прапануеце?

— Рух наперад! Стабільнасць, якую абвяшчае Лукашэнка, гэта тое, што за савецкім часам называлася “застой”.

– Уладзімір Някляеў выйграў выбары і стаў прэзідэнтам. Што вы зробіце з сённяшняй вертыкаллю ўлады: каго з міністраў звольніце, а хто застанецца на сваіх месцах? Ці скароціце колькасць міліцыянтаў, што будзе з БРСМ і “Белай Руссю”?

— Што да грамадскіх арганізацый, то ў гэты працэс улада не павінна ўмешвацца проста. Захочуць яны “беларусіцца” — няхай “беларусяцца”. Увогуле, каб развівалася грамадства, павінны развівацца грамадскія арганізацыі. Але, безумоўна, за свае сродкі. І ніякага ўдзелу ў фінансаванні гэтых кампаній, а тым больш выкарыстання іх на свае палітычныя мэты, як гэта робіць Лукашэнка, не павінна быць. Што да дзяржаўных асоб… Давайце на прыкладзе: ёсць Пракаповіч, які займаецца Нацыянальным банкам. Я здзіўляюся, як ён утрымлівае сённяшні фінансавы стан. Значыцца, як бы я ні здзіўляўся, ён дастаткова кваліфікаваны для таго, каб быць на гэтым накірунку. І так я буду ставіцца да ўсіх, хто кіруе прамысловасцю, сельскай гаспадаркай. Калі ў гэтай галіне ён на месцы — калі ласка, ніякіх люстрацый, ніякага гону, нічога не будзе. Але, безумоўна, ва ўладу павінны прыйсці і новыя людзі, з новымі ідэямі. 

Бо з гэтымі мы не справімся з мадэрнізацыяй эканомікі. У нашай камандзе ёсць людзі, якія гатовыя заняць тыя пасады, на якіх сённяшнія кіраўнікі не спраўляюцца. Далей – ва ўсім свеце ёсць нормы: колькі павінна быць супрацоўнікаў праваахоўных органаў у адносінах да насельніцтва: вось, у горадзе жыве мільён ці два — колькі іх павінна быць. Каб на аднаго чалавека было пяць міліцыянтаў — такога не будзе. Не можа быць Беларусь проста ўстаўленая міліцыянтамі, як гэта робіцца цяпер. І што, дарэчы, сімвалізуе нашую стабільнасць і наш парадак.

— Дарэчы пра стабільнасць: кошты ўвесь час растуць — як вы плануеце стрымліваць іх рост?

— Кошты ж самі па сабе ўверх не паўзуць, ёсць прычыны. Сёння папаўзлі кошты на лёгкую прамысловасць: панчошкі, кашулечкі. У два разы! На прадукты харчавання — мяса тое ж. З чым гэта звязана? З тым, што валюнтарысцкімі сродкамі — загадамі, дэкрэтамі — загадана павысіць зарплаты да 500 долараў ажно. Дзе гэтыя грошы ўзяць? Трэба кошты ўзняць — больш іх нідзе не возьмеш. Толькі ўключэннем рынкавых механізмаў, іх нармальнай працай можна дабіцца таго, што кошты будуць самарэгулявацца. Суадносіцца з тымі затратамі, якія ўкладзеныя ў вытворчасць прадукцыі.

— Нерэнтабельныя прадпрыемствы — іх трэба ратаваць ці зачыняць?

— Хай бы мне хто сказаў, той жа міністр эканомікі ці ягоны намеснік Тур, якія ў нас прадпрыемствы сёння насамрэч рэнтабельныя, апроч тых, якія насамрэч рэнтабельныя, накшталт нафтаперапрацоўчых заводаў, а якія — не. Усё ж гэта хаваецца! Ніхто не ведае, якія датацыі, насамрэч, ідуць, за кошт чаго выплачваюцца заробкі. Ніхто гэтага не ведае! 

Стаяць на Трактарным, стаяць на МАЗе іх трактары, машыны на дварах — не прадаюцца. А нам кажуць, што ў іх усё добра. Хоць вядома, што зарплаты ім выплачваюцца з тых крэдытаў, якія бярэ Лукашэнка. Спачатку трэба разабрацца, а пасля займацца прыватызацыяй — аддаць у карыстанне іншаму ўласніку. Калі і ён не справіцца з тым прадпрыемствам, якое сёння нерэнтабельнае, тады гэта прадпрыемства трэба ліквідоўваць.

— А людзей куды падзець?

— На новыя працоўныя месцы. У нас у праграме запісана: “Ніводнае працоўнае месца не можа быць скарочана без таго, каб не было створана новае працоўнае месца”. Мы будзем спрыяць развіццю малога і сярэдняга бізнэсу.

— Ці патрэбна Беларусі размеркаванне?

— Не. Трэба зрабіць так, каб тыя маладыя людзі, якія маюць кваліфікацыю, якія здольныя працаваць, былі запатрабаваныя, стварыць ім працоўныя месцы. І калі гэтае працоўнае месца будзе ў невыгодных геаграфічных умовах, то патрэбныя прэферэнцыі — каб ён захацеў туды паехаць. Людзі павінны ведаць, што за нейкія цяжкасці яны будуць мець нейкія дадатковыя кампенсацыі.
ПЫТАННІ З ВУЛІЦ

— Калі маладыя сем’і атрымаюць магчымасць хутка пабудаваць сваю кватэру?

— Нам трэба зрабіць прыярытэтнай праграму будаўніцтва жылля — раз. І насамрэч зрабіць ільготнымі крэдыты, якія пад набыццё гэтага жылля будуць выдзяляцца.

— Ці не стане жыццё горш, чым яно ёсць цяпер?


— Горш не будзе — будзе лепш. Клянуся!

— Што чакае ўзаемаадносіны з Расіяй? Аб’яднаецца з ёй Беларусь ці не? Будзе адзіная валюта?

— Што да аб’яднання і ўвядзення адзінай валюты, то, натуральна, — не. А што да таго, што мы будзем шчыльна з Расіяй супрацоўнічаць, бо гэта ў нашых агульных інтарэсах, у інтарэсах развіцця і расійскай, і нашай эканомікі, гэта ў інтарэсах усіх нашых людзей — гэта безумоўна.

— Як зрабіць, каб у людзей быў большы заробак?

– Выбачайце, але нікому тыя 200 тысяч, пра якія ў мяне ўжо спыталіся, я з кішэні не дастану і не аддам: яны мне самому патрэбныя. Мы будзем зарабляць грошы. Будзем развіваць эканоміку, будзем больш зарабляць; і тое, што заробім, і будзе нашай зарплатай.

— Калі ў нас спыняцца незаконныя паборы грошай з прыватнікаў?

— Гэта сур’ёзнае пытанне. Калі я стану 19 снежня прэзідэнтам, то з 20 снежня ўсялякія паборы з прадпрымальнікаў скончацца. Ёсць закон, паводле якога яны будуць плаціць падатак, — і ўсё. І ніхто з тым, каб залезці да яго ў кішэню і забраць ягоныя грошы, не будзе мець права падысці да прадпрымальніка нават блізка.

— Ці будзеце ўцягваць у палітыку сваіх жонак?

— Каб уцягваць “сваіх жонак”, мне спачатку трэба стварыць гарэм. А потым выбраць, хто з іх будзе займацца каханнем, а хто — палітыкай. Але я лічу, што жонкі існуюць для таго, каб іх кахаць, каб ладзіць з імі жыццё, ствараць сям’ю, жыць у гэтай сям’і, гадаваць дзяцей. А калі жонка — ці ваша, ці мая — калі ласка, хай ідзе. Гэта мужыкам ніяк не зашкодзіць, а пойдзе ім на карысць.

*** 
— Перад тым, як развітацца, папрашу вас прачытаць свой любімы верш.

— Тут у мяне выбару няма: я напісаў верш спецыяльна пад гэтую прэзідэнцкую кампанію і паўсюль яго зараз чытаю.

Мы ляжым снапамі на таках
Нас малоціць кожны, хто ў руках
Мае цэп. І так ва ўсе вякі
І яшчэ пытаюць землякі:
Для чаго прыйшоў ты ў палітыку?!
Як пытанне, так адказ наўпрост:
Я прыйшоў, каб вы ўдыхнулі волі
Каб без страху ўсталі ў поўны рост
І на ток не леглі ўжо ніколі.

Таксама па тэме:
Андрэй Саннікаў: Сваю жонку дома называю мамай (відэа)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі