Някляеў: “Можа, усіх лідараў апазіцыі пасадзіць пад хатні арышт?”

121015_luka6uk_abjadnanne.mp3

Цяжкую працу па аб’яднанні апазіцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў-2015 вырашыў узяць на сябе рух “За свабоду” і распачаў цэлую кампанію “Адзіны кандыдат”. Пакуль у ёй задзейнічана толькі тры структуры — самі “рухаўцы”, Партыя БНФ і кампанія “Гавары праўду”.

Як расказвае намеснік лідара руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, праца пакуль вядзецца больш падрыхтоўчая.

Юрась Губарэвіч: “Вызначыць схему, паводле якой будзе абірацца адзіны кандыдат. Ці гэта будзе праймерыз, ці гэта будзе Кангрэс дэмакратычных сілаў, які будзе ўключаць не толькі партыі, але і прадстаўнікоў грамадскага сектара”.

А вось калі рашэнне наконт працэдуры “тройкай” будзе прынятае, дадае старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, тады з ім выйдуць да астатніх структур. Праўда, чаго чакаюць, не зразумела. Бо, як даведалася Еўрарадыё, ўсе тры структуры-перамоўшчыцы выступаюць за кангрэс.

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пра планы калег чуў, але сам выступае за тое, каб кандыдата выбіралі не кулуарна, а праз праймерыз.

Анатоль Лябедзька: “Першага адзінага кандыдата абралі (Віктар Ганчарык, 2001 год) рашэннем пяці асоб — гэта была працэдура, да якой дамовіліся. Але пасля заканчэння прэзідэнцкай кампаніі 2001 года пачалі казаць, што нельга рабіць гэта кулуарна. І наступным быў Кангрэс (Аляксандр Мілінкевіч, 2005 год), але і ён выявіў шмат хібаў і недахопаў. І для нас відавочна, што працэдура павінна быць як мага шырэйшая. Мы прапануем, каб у гэтай працэдуры мог удзельнічаць кожны грамадзянін Беларусі”.

Таксама “тройка” абмяркоўвае, з якой праграмай адзіны кандыдат можа пайсці да людзей. І тут могуць узнікнуць спрэчкі. Губарэвіч прапануе распрацаваную з ініцыятывы “За свабоду” “Народную праграму”. Як вядома, ёсць свае праграмы ў Партыі БНФ, “Справядлівага свету”; “Гавары праўду!” мае “Грамадзянскую дамову”; АГП — “Праграму мадэрнізацыі Беларусі”.

Калі адзіны кандыдат мусіць быць абраны? На гэты конт нават ва ўдзельнікаў “тройкі” разыходжанні.

Уладзімір Някляеў: “Калі адзіны кандыдат не будзе абраны да мясцовых выбараў (канец 2013 — пачатак 2014 года), то гэта будзе знакам таго, што апазіцыя не зможа дамовіцца пра яго і да выбараў прэзідэнцкіх”.

З гэтым згодны і Юрась Губарэвіч, і Анатоль Лябедзька. А вось Аляксей Янукевіч лічыць, што і за паўгода да дня абвяшчэння даты правядзення выбараў будзе нармальна.

Абраць адзінага апазіцыя абяцае не ўпершыню. Губарэвіч і Янукевіч лічаць, што для гэтага менавіта цяпер ёсць усе перадумовы. Той жа сумны досвед выбараў-2010 — дастатковая падстава для таго, каб нарэшце дамовіцца. Някляеў сумняваецца. Як прыклад прыводзіць адмову ўсіх палітычных сіл падпісаць сумеснае патрабаванне да ўладаў правесці перавыбары ў парламент.

Уладзімір Някляеў: “Гэтае патрабаванне, падпісанае як тымі структурамі, якія ў тым ці іншым выглядзе бралі ўдзел у выбарах, так і тымі, якія ў тым ці іншым выглядзе іх байкатавалі, магло стаць платформай для выпрацоўкі адзінай стратэгіі і адзінага кандыдата. Гэта для мяне вельмі трывожны сігнал — што гэтага не сталася. І гэта стварае, у маім разуменні, не самую лепшую перспектыву для далейшых перамоў і дамоўленасцяў”.

Ды і калі дамаўляцца? Сёння сабраць разам усіх лідараў дэмсіл практычна немагчыма: то яны ў Вільні, то ў Бруселі. “Можа, іх усіх пад хатні арышт пасадзіць?!” — жартуе Някляеў. Маўляў, даносіць “голас Беларусі” да міжнародных структур і “каваць гарачае жалеза”, пакуль на памяці парламенцкія выбары, добра, але пажадана, каб нешта “кавалася” не толькі для асобных структур.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі