Ці змогуць апазіцыянеры абскардзіць вынікі выбараў?

120927_luka6uk_skargi_0.mp3

Апазіцыйныя партыі не прызналі вынікаў парламенцкіх выбараў. А што далей? Лідар “Справядлівага свету” Сяргей Калякін настроены сур’ёзна.

Сяргей Калякін: “Сёння нашы кандыдаты ў дэпутаты падаюць скаргі — ужо ёсць шмат скаргаў і патрабаванняў лічыць выбары несапраўднымі і несправядлівымі, і адмяніць выбары па гэтых акругах”.

Калі б улада дзейнічала паводле законаў, лічыць палітык, то па асобных акругах пераправерылі і перападлічылі хаця б яўку выбаршчыкаў на ўчасткі. Менавіта звесткі наконт яўкі назіральнікі і ўдзельнікі выбарчай кампаніі лічаць завышанымі. На гэта і скардзяцца. Сам палітык прагназуе, што ніхто нічога пералічваць не будзе.

Не спадзяюцца, што ўлады прыслухаюцца да іх меркавання наконт выбараў, і ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Таму нават скардзіцца на зафіксаваныя імі парушэнні яны не плануюць, распавядае намеснік старшыні партыі Леў Марголін.

Леў Марголін: “Мы ўжо маем такі досвед, калі мы падавалі заяву ў пракуратуру з патрабаваннем хаця б пералічыць бюлетэні яшчэ раз. І мы атрымлівалі такі допіс, што яны апыталі незалежных назіральнікаў іншых, якія прысутнічалі на ўчастку, і яны не пацвердзілі нашы дадзеныя”.

Ці патрабаваць перавыбараў альбо перападлікаў на сваіх акругах, кожны кандыдат, які працаваў у межах “Народнай праграмы” руху “За свабоду”, будзе вырашаць сам. Адзінае, што арганізаваў рух, прызнаецца намеснік лідара “За свабоду” Юрась Губарэвіч, — падалі заяву з патрабаваннем перагляду вынікаў галасавання па 101-й выбарчай акрузе. Той, дзе апазіцыя праводзіла “ўзмоцненае назіранне”.

Лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў не згодны з калегамі. Іх кандыдаты скаргі падалі. Экс-кандыдат Таццяна Караткевіч дык цэлы стос!

Таццяна Караткевіч: “З аднаго майго ўчастку выдалілі 5 назіральнікаў перад падлікам галасоў. Шмат на якіх участках была парушаная працэдура падліку галасоў. Галасы не лічыліся так, як павінны: па кожнай скрыні асобна з абвяшчэннем вынікаў па кожнай кандыдатуры”.


І гэтак далей. Так, лічыць Уладзімір Някляеў, павінны дзейнічаць усе: закідваць ЦВК і пракуратуру фактамі парушэнняў на выбарах і патрабаваннямі перавыбараў. Рабіць гэта супольна. Каб гэтую сумесную працу паступова перавесці на супольную працу... па падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў.

Уладзімір Някляеў: “Павінны ісці факты і факты: на гэтай акрузе было тое і тое, на іншай — тое і тое. І патрабаваць катэгарычна перавыбараў. І далей ісці да патрабаванняў... Ёсць у нас прапановы, што рабіць на прэзідэнцкіх выбарах і якія вылучаць патрабаванні”.

Лідар ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч, наадварот, катэгарычна супраць таго, каб абскарджваць вынікі выбараў.

Сяргей Гайдукевіч: “Мы зараз будзем патрабаваць!” У каго патрабаваць?! Вам самім не смешна?! Куды ісці, у каго патрабаваць, што патрабаваць?! З гумарам трэба ставіцца, з гумарам! І рыхтавацца да сур’ёзных рэчаў. Што трэба даказваць беларускаму народу — усе ведаюць, як праходзяць выбары”.

А “сур’ёзныя рэчы” — гэта падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў. Тым больш што і кандыдат вядомы. Якому, згодна з яго ж словамі, ніякага “адзінага” не трэба: маўляў, партыя самая моцная, кандыдат — самы пазнавальны, канкурэнтаў сярод апазіцыі — няма. Праўда, гэта мы ўжо чулі неаднаразова.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі