Норма 140 літраў на чалавека: мінчукі сталі часцей выклікаць сантэхнікаў

111212 Rugain Vada.mp3

Паводле назіранняў некаторых мінскіх ЖЭСаў, пасля таго, як за лішнюю ваду прыйшлося пераплачваць, людзі пачалі часцей выклікаць сантэхнікаў.


"Выклікаюць па такіх праблемах, калі цячэ кран і трэба замяніць. Цяпер усе пачалі звяртаць на гэта ўвагу", — распавядаюць у ЖЭС № 120 Мінска.


Паколькі ў многіх кватэрах ужо шмат гадоў стаяць лічыльнікі вады, то за кранамі прызвычаіліся сачыць даўно. Але ж цяпер нават калі кран трошкі прапускае, клічуць сантэхнікаў, каб адрамантавалі, гавораць Еўрарадыё ў ЖЭС №103.


"Крычаць, каб бегма беглі. Кажуць, хутчэй, тэрмінова, я ж плачу".


Але з-за эканоміі часцей стала засмечвацца каналізацыя ў мыйках на кухнях. Такіх выклікаў стала больш у мінскім ЖЭС №58.


"Мы мыем тлустыя талеркі. Раней, калі вада была свабодна, чалавек мог пусціць і прамываць гэта ўсё. А цяпер, канешне, людзі эканомяць, прычым вельмі эканомяць".


Але гэтак жа ў палове ЖЭСаў заявак болей не стала. У разлікова-касавым цэнтры гавораць, што расход пакуль не падлічвалі, але на першы погляд людзі не пачалі моцна эканоміць. Відаць, яшчэ не зразумелі, што гэта такое.


"Заявак і так досыць шмат. Па колькасці, здаецца, нічога не змянілася. Але вось у нас зараз заяўка: як спускалі памідоры ва ўнітаз, так і спускаюць. Людзі пакуль не ўсвядомілі, што трэба эканоміць".


У 2010 годзе сярэдні расход вады па Мінску і абласных цэнтрах быў 153 літры на чалавека ў дзень. Гэта вышэй за норму толькі на 13 літраў, таму ў сярэднім вялікай эканоміі не назіраецца. Але калі адныя пачалі больш эканоміць, то "тыя, хто заўсёды мог дазволіць сабе ліць шмат вады, так і лье", — гавораць у ЖЭС №97, які абслугоўвае элітны катэджны пасёлак насупраць "Мінск-арэны". Там расход вады не зменшыўся зусім.


Калі параўнаць верасень і кастрычнік, то агулам па Мінску людзі злілі вады на 267,2 тысячы кубоў меней — гэта эканомія ў 3%.

Ці эканомяць жыхары сталіцы ваду? Пра гэта Еўрарадыё запыталася ў мінакоў.

111212 STR Vada.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі