Скараяэнне чыноўнікаў: мінэканомікі трэба дабраць аднаго намесніка

130415_savich_skarachenni.mp3

Прэзідэнцкі ўказ пра скарачэнні чыноўнікаў прадпісвае, колькі ў міністраў павінна быць намеснікаў.

Але ў Мінсувязі не тое што пра новы ліміт — пра новы ўказ нічога не чулі.

“Ведаеце, я нават не бачыў яшчэ ўказ”, — кажуць Еўрарадыё ў аддзеле кадраў міністэрства, дзе намеснікаў міністра на аднаго чыноўніка болей, чым патрэбна.

Чытаю дакумент далей і звяраю колькасць намаў у рэальнасці і ва ўказе. Нічога сабе — амаль паўсюль намеснікаў столькі, колькі прапісана ў дакуменце. Скарачаць нікога не трэба.

“З кіруючага складу скарачаць не будуць. Будуць скарачаць спецыялістаў. У нас на намеснікаў вакансія адкрытая...”, — бязрадасна тлумачаць у Міністэрстве аховы прыроды. Ім трэба тры намы, аднаго нават не хапае!

Не хапае намесніка і ў Мінэканомікі — тут трэба мець пяць, а пакуль толькі чатыры.

“Аддзел моладзі — гэта адзін-два чалавекі. Таму гэта рэарганізацыя не будзе адчувальнай!” — тлумачаць мне ў Магілёўскім гарвыканкаме. Прэзідэнцкі ўказ прапісвае аб’яднаць аддзел культуры, аддзел па справах моладзі з аддзелам ідэалогіі. Што будзе — прадказаць цяжка. Але ў гарвыканкаме ўвогуле адзначаюць, што ўсе скарачэнні ў іх праходзяць без нерваў.

“Мы рыхтаваліся. Людзі, канечне, у падвешаным стане... Але ўсё спакойна”.

Пытаюся, калі ў Магілёве скароцяць намеснікаў мэра, бо іх тут ажно чатыры, а паводле ўказу трэба тры. Але і тут прамашка:

“А вы, пэўна, зноскі ва ўказе не пачыталі — там адзначана, што калі горад большы за 80 тысяч насельніцтва, дапускаюцца і чатыры намеснікі”, — радуюцца ў вялікім горадзе Магілёве.

Раней прэзідэнт некалькі разоў абмяркоўваў прапановы наконт скарачэння Міністэрства гандлю і ЖКГ. Замест скасавання Мінгандлю атрымлівае новыя функцыі. Але тут супрацоўнікаў збіраюцца ўсё роўна скарачаць:

“Людзей скарачаць, як і ва ўсіх міністэрствах! Але мы думаем, што ад 1 ліпеня ў нас увогуле памяняецца структура”. Але вось скарачаць самыя вярхі — суддзяў, прэм’ер-міністра і яго намеснікаў, Савет бяспекі і ўсе сілавыя структуры — не будуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі