Нават у беларускім хлебе і малацэ ёсць частка імпарту

А ў беларускай вопратцы ды абутку да 50% імпартнага матэр’ялу.

З-за праблемаў з валютай імпартныя тавары падаражэлі, некаторыя ўвогуле зніклі. І калі марская рыба, алей, цытрусавыя, гарэхі, гарбата, кава, грэчка, рыс, пшано – выключна імпартныя, то застаюцца яшчэ айчынныя прадукты. Але ж хлеб, яйкі, масла ды малочная прадукцыя таксама даражэюць. Таму што, як высветліла Еўрарадыё, нават для іх вытворчасці патрэбны імпарт!

“Дабаўкі розныя, для дыеты, дыябета і г.д. “Бэта вітон”, які ў нас не вырабляюць, “вітацэль”, яшчэ можа якая мука. Фруктоза, сахароза – у любым выпадку імпартныя. Сарбіту (замяняльнік сахару - ЕРБ) у нас жа свайго няма”.

На хлебазаводзе кажуць, што сёння вымушаны адмовіцца ад імпарту з-за праблем з валютай.

Хлебазавод: “Пакуль мы ўвесь імпарт знялі. У сувязі з доларам, з непастаянным курсам, мы намагаемся абыходзіцца сваёй сыравінай”.


Крызіс, вядома, адбіваецца на кошце хлеба:

“Сыравіна моцна даражэе. У разы тры, дык дакладна сыравіна расце. Цукар той жа падаражэў. Усё даражэе, энергарэсурсы растуць”.


Па інфармацыі Беллегпрому, у беларускай вопратцы ды абутку да 50% імпартнага матэрыялу! У прыватнасці, для вытворчасці 1 кв. метра скуры для абутковай прамысловасці неабходна каля 40 найменняў “хіміі” імпартнай вытворчасці.

Як даведалася Еўрарадыё, нават для вырабу адзення з выключна беларускага матэрыялу – ільну! – часам выкарыстоўваюцца імпартныя фарбавальнікі.

На швейнай фабрыцы ў Дзяржынску гатовую тканіну закупляюць у… Галандыі, Польшчы ды Турцыі.

“Цяжкасці, вядома, ёсць. Але неяк спрабуем выкручвацца. Кошты вельмі моцна павысіліся, адпаведна, на гатовую прадукцыю яны таксама павялічваюцца”, - кажуць на фабрыцы.

Для вырабу малочнай прадукцыі, аказваецца, таксама патрэбны імпарт. Некаторых патрэбных заквасак у Беларусі папросту няма, - кажуць Еўрарадыё на Маладзечанскім малаказаводзе.

Малаказавод: “Выкарыстоўваем некаторыя імпартныя закваскі, таксама ферменты для вытворчасці сыра ці тварагу, напрыклад. Мы намагаемся пераходзіць з імпартных на айчынныя складнікі… А вось закваскі не ўсе ёсць нашы, мы карыстаемся і айчыннымі і імпартнымі. Ферменты, здаецца, ўвогуле ў Беларусі не выпускаюцца. Таксама з імпарту закупаем абсталяванне”.


Еўрарадыё: Ці адчулі вы на сабе праблемы з валютай?


Малаказавод: “Пакуль працуем нармальна. Спадзяемся, нішто нас не саб’е…”


Але, нягледзячы на імпартазамяшчэнне, цана на малочную прадукцыю ўсё адно расце.

Малаказавод: “Усё падаражэла – і цукар, і сода, і ўпакоўка. Раней мы за гэтыя грошы маглі купіць машыну – 4 тоны цукру, а цяпер купілі толькі 3,5. Тое ж самае і з астатнім. Хоць трошку, але падаражэла ўсё”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі