НАИВ: Менавіта падтрымка Расіі развязала рукі Лукашэнку...

...да такіх актыўных дзеянняў супраць свайго народа. Лідар маскоўскага панк-гурта НАИВ Аляксандр “Чача” Іваноў падзяліўся з Еўрарадыё меркаваннем наконт таго, чаму мітынг 19 снежня быў разагнаны так жорстка, і чаму ў Расіі не бывае такіх шматлюдных акцый пратэсту, як беларускія Плошчы.
Еўрарадыё: Ці ў курсе вы апошніх падзеяў, што адбыліся ў Беларусі? Якое ваша стаўленне да іх?

Аляксандр “Чача” Іваноў: Тое, што людзі выйшлі на вуліцу і чакалі вынікаў выбараў — гэта абсалютна законна і натуральна. Ніякага ў гэтым няма злачынства! А тое, што іх так разагналі — гэта абсалютна непрымальна. Гэта дакладна парушэнне самых простых, базавых правоў, якое недапушчальнае!

Тым больш, што там... Я паглядзеў відэаматэрыялы, якія знайшоў — няўжо кандыдатаў у прэзідэнты трэба было п##дзіць?!

Еўрарадыё: Не толькі кандыдатаў у прэзідэнты, але АМАП збіваў дзяўчат...

Аляксандр “Чача” Іваноў: Зразумейце, я таксама за дзяўчат. Але калі нават людзей, якія балатаваліся ў прэзідэнты... У іх пэўны статус, яны маюць нацыянальную падтрымку. За іх галасуюць. І ўсё роўна гэта не спыніла ні АМАП, ні... Дарэчы, насцярожвае вось яшчэ які момант: што гэта за людзі ў цывільным, якія з’явіліся раптоўна? Яны ўвогуле ніяк не вызначаныя! І папросту збівалі ўсіх! Гэта што яшчэ за такое? Гэта што за чорныя эскадроны смерці?!

Еўрарадыё:
 А ў Расіі як праходзяць падобныя акцыі?

Аляксандр “Чача” Іваноў:
 У Расіі такіх масавых мітынгаў пратэсту няма! Такога не было на постсавецкай прасторы, каб больш за 40 тысяч чалавек... Я так разумею, што, па ацэнках, ад 40 да 100 тысяч чалавек?

Еўрарадыё:
 Розныя ёсць ацэнкі. Дзяржаўнае тэлебачанне, напрыклад, назвала лічбу ў 3 тысячы.

Аляксандр “Чача” Іваноў: Тры?! Ха! Не, гэта зусім непадобна на тры тысячы, гэта падобна на 300 тысяч! Паўтаруся: у Расіі такіх мерапрыемстваў не было. На жаль, відаць, грамадства не падрыхтаванае, каб кансалідавацца... Але бачыце — Лукашэнка ж сам не чакаў, што столькі людзей выйдзе? Я чуў, што казалі: выйдзе 300-400 чалавек, пакрычаць... Можа быць, яму і не засталося нічога, акрамя таго, каб разагнаць гэтую акцыю?

Еўрарадыё: Што, на вашу думку, адбываецца ва ўзаемаадносінах нашых краін? 

Аляксандр “Чача” Іваноў: Беларусь — краіна з вельмі складаным гістарычным лёсам. Заўжды паміж Усходам і Захадам... Я разумею, што вам самім складана вызначыцца, з кім быць. Але ў Расіі людзі ставяцца да беларусаў вельмі прыязна, і мне падаецца, што на ўзроўні этнасаў у нас увогуле няма ніякага супрацьстаяння. І ўсё ж мне падаецца, што з Лукашэнкам Расіі не варта было б сябраваць. Бо менавіта карыстаючыся падтрымкай Расіі, ён адчувае сябе больш вольна.

А калі ўжо дасталі да таго, што людзі не згодныя з яго праўленнем... Можа трэба спыніцца ў пэўны момант і паставіць кропку? Насамрэч, вельмі шкада, што Расійская Федэрацыя яго ў гэтай сітуацыі падтрымала. Менавіта гэта і развязала яму рукі да такіх актыўных дзеянняў супраць свайго народа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі