Мінскаму “стралку” было 59 гадоў, раней ён працаваў на чыгунцы (фота)

Калі з’явілася
інфармацыя пра тое, што падчас перастрэлкі забілі прапаршчыка міліцыі, едзем да
дома №22 на сталічнай вуліцы Машыністаў. Не так даўно адсюль вывезлі целы
загінулых і ўжо прыбралі сляды жахлівага здарэння.

Гараж, дзе Мікалай П.
застрэліўся пасля злачынстваў ― замкнуты, але праз шчыліны відаць, што святло ў
ім запалена.

“Здарылася гэта прама
тут, прама ў двары”
, ― ціха паказвае мне за драўляны плот праваахоўнік. Іншыя
службовыя асобы на мае пытанні не адказваюць: забойства міліцыянера для ціхай
Беларусі ― надзвычайнае і шакуючае здарэнне.

“Афганцам ён быў, дах
яму знесла”
, ― абмяркоўваюць два іншыя праваахоўнікі.

Але звар’яцелым
ветэранам Мікалай П. не быў. 

“Усё жыццё ён працаваў машыністам. Сям’я ў іх добрая, сын -- паспяховы драматург, яго творы ставяцца і ў Беларусі, і за мяжой. Яны ніколі не скандалілі, ён у храм  ходзіць. Мы ў шоку”, ― распавядаюць мне суседзі Мікалая П.

Еўрарадыё: Што тут
адбылося? З-за чаго пачалася страляніна?

“Усё з-за сабакі. Нядаўна да нас на вуліцу
пераехалі прышлыя людзі. У іх ёсць сабака. Ён і на мяне напаў аднойчы
, ―
эмацыйна ўзгадвае суседка. ― А гаспадар таго сабакі стаіць, чысціць сабе снег
за плотам. Кажу: “Завялі сабаку, дык за ёй глядзіце, гэта ж не шаўка якая-небудзь”.
Але да скаргаў суседзі не прыслухоўваліся. Нядаўна адна жанчына ішла з
дзіцёнкам, сабака кідаўся, а яны нават не выйшлі".

Еўрарадыё: А што за
сабака? Байцоўскай пароды?

Сусед: Не ведаю, ці
байцоўская, але кідаецца на людзей. Нешта кшталту дабермана, здаецца. А сёння
гэты сабака кінуўся на Мікалая.


Суседка: Ён да сабак
ставіцца вельмі сур’ёзна. Некалі яго ўласная аўчарка пакусала ўнука. Тады ён
звярнуўся да майго свёкра, каб той аўчарку прыстрэліў. 

А сёння, пабачыўшы, што
суседзі не жадаюць рэагаваць на нашы скаргі, Мікалай у яе страляў, хацеў
спачатку пужануць. Спачатку ў паветра пальнуў, потым на паражэнне нібыта,
нібыта ён яе параніў. Хоць кажуць, што потым той сабака бегаў цэлы.  Як бы там ні было
гаспадыня сабакі кінулася да дома Мікалая, пачала ў дзверы лупіць, разборы
ладзіць. Выклікала міліцыю...”


Еўрарадыё: Адкуль у вашага
суседа была зброя?

Сусед: “Не ведаем.
Спакойны быў чалавек. Мог і змайстраваць, з тэхнікай абыходзіўся вельмі добра.
Быў майстар на ўсе рукі, цудоўны аўтаслесар, рукасты мужык. Машыны ўзнаўляў,
клапаны нават умеў рамантаваць. Добрая сям’я была, ніколі не скандалілі. Быў
час ён выпіваў, але потым гэта скончылася, пачаў хадзіць у храм”.


Еўрарадыё: Ці ведаеце,
з-за чаго ён пачаў страляць у міліцыянераў?

Суседка: “Не ведаем.
Бронекамізэлек на супрацоўніках міліцыі, здаецца, не было. Хоць нібыта ведалі,
што ў чалавека ёсць зброя. Нешта яны яму сказалі, ён і пачаў страляць. А потым
схаваўся ў гаражы. Асэнсаваў, напэўна, што нарабіў, і скончыў жыццё
самагубствам…”


Па двары Мікалая П.
пасля таго, як з’ехалі праваахоўнікі, хадзіла ўдава і яшчэ нейкая жанчына.
Аглядалі заднія дзверы ў гараж, праз якія туды скокнуў забойца. Напэўна,
жанчына дагэтуль не магла паверыць у трагедыю.

Праглядаючы старонку
міліцыянера Ігара Іванчыка ў сацыяльных сетках, бачым, што і прапаршчык на фота
― добры сем’янін: жонка, дзіця, новая кватэра, якую атрымалі ў 2011-м. Складана зразумець, з-за чаго на вуліцы Машыністаў, 22 дайшло да
смяротнай страляніны…

Вуліца Машыністаў у Мінску ідзе ўздоўж чыгункі.

У гэтым гаражы застрэліўся Мікалай П., пасля таго, як забіў міліцыянера.

Загінулага прапаршчыка Ігара Іванчыка характарызуюць як дасведчанага супрацоўніка. Яму было 37 гадоў.

Кажуць, што ён кінуўся абяззбройваць Мікалая П. пасля
таго, як быў паранены калега.

У Ігара Іванчыка засталіся жонка і сын. Зусім нядаўна, у 2011-м годзе, сям’я Іванчыкаў перасялілася
ў новую кватэру...