Магілёўская міліцыя забараніла мітынг у падтрымку палітвязняў

Прадстаўнікам дэмакратычнага руху Магілёва не ўдалося атрымаць дазвол на правядзенне ў горадзе мітынга ў падтрымку палітычных вязняў. Каб правесці ў Беларусі акцыю, трэба ўзгадніць яе з міліцыяй, медыкамі, дарожна-маставой арганізацыяй. Пасля можна атрымаць дазвол у гарвыканкаме. Аднак у выпадку магілёўскіх актывістаў справа да выканкама не дайшла, яна “забуксавала” яшчэ ў міліцыі.
Па словах арганізатара мітынгу Анатоля Заўялава, пратаколы ад дарожна-маставой арганізацыі і ад медыкаў ён атрымаў цягам некалькіх гадзін, але міліцыя прынцыпова не жадала выдаць свайго дазволу на правядзенне мерапрыемства.
Заўялаў: “У міліцыі мне пачалі “вешаць лапшу на вушы”. Адзін з супрацоўнікаў сказаў, што працэс заключэння дагавора трывае цэлы тыдзень. У такім выпадку мы не паспявалі б аформіць усе дакументы да дня правядзення мітынга. Потым ён увогуле гэтую справу перадаў свайму падначаленаму”.
Праводзіць несанкцыянаваны мітынг магілёўскія апазіцыянеры не збіраюцца, яны будуць рыхтавацца да новых акцыяў, дазвол на якія паспрабуюць атрымаць. Таксама яны будуць скардзіцца ў абласную пракуратуру на дзеянні начальніка РАУС Ленінскага раёна і начальніка УУС горада Магілёва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі