Маці Гайдукова: Хачу паглядзець у вочы таму, хто піша “сцэнарый” для сына

З Вольгай Гайдуковай мы сустракаемся падчас яе чарговага прыезду ў Мінск. Яна зноў не змагла пабачыць сына — прынялі толькі харчовую перадачу. Не бачыў Андрэя Гайдукова і адвакат. Сувязь з роднымі Гайдукоў падтрымлівае толькі дзякуючы ліставанню.

130114_pilecki_hajdukov.mp3

Еўрарадыё: Вольга Пятроўна, што вы, як маці, неангажаваны ў палітыку чалавек, думаеце пра гісторыю са зняволеннем вашага сына?

Вольга Гайдукова: Я думаю, што гэта стопрацэнтная фальсіфікацыя. Гэта паказальны выступ для тых, хто ідзе ў палітыку, хто належыць да апазіцыі. Асабліва гэта тычыцца моладзі. Таму што папярэднія пакаленні апазіцыянераў, так скажам, не настолькі небяспечныя. А гісторыя з Андрэем… Правільна нехта сказаў — сёння ён слесар, а заўтра — палітык. Сына сто разоў папярэджвалі, прасілі адмовіцца ад гэтай арганізацыі. Але там было шмат чаго зроблена. Статут быў напісаны, усё было падрыхтавана для рэгістрацыі. Я сама бачыла. Андрэй быў актыўным. Працаваў на кандыдата ад апазіцыі падчас апошніх выбараў. Натуральна, што ўсё гэта не ўсім падабалася.

Еўрарадыё: Чаму тады менавіта ваш сын цяпер за кратамі, а не кіраўнік арганізацыі Яўген Канстанцінаў, альбо нейкі іншы, больш вядомы апазіцыянер з Віцебска? Андрэй Гайдукоў — не вельмі вядомае імя.

Вольга Гайдукова: Думаю, іншыя спыняліся пад ціскам, а сын усё адно ішоў наперад. Ён нават у лістах сваіх піша, што самым лепшым падарункам для яго будзе, калі арганізацыю (Саюз маладых інтэлектуалаў) зарэгіструюць. Калі справа да канца будзе даведзеная. Думаю, іншыя на пэўным этапе спыніліся, а сын пайшоў далей, і паплаціўся за гэта.

Еўрарадыё: Ці не падаецца вам, што справа Андрэя Гайдукова не мае вялікага розгаласу. Такога напрыклад, як справа Антона Сурапіна, які таксама правёў некалькі месяцаў у “амерыканцы”?

Вольга Гайдукова: Я б не сказала так. Шмат чытала пра справу Андрэя. У “Народнай Волі”. У “Белгазеце”… Асабліва калі ўсё пачыналася. Ведаеце, я не ангажаваны ў палітыку чалавек. Але выдатна разумела, чым усё можа скончыцца. Але Андрэй заўсёды гаварыў, што не робіць нічога супрацьзаконнага. Я веру свайму сыну. Магчыма, ён па сваёй маладосці не асабліва разумеў небяспеку. За што і паплаціўся.

Еўрарадыё: Як ваша сям’я ставіцца да дзейнасці Андрэя?

Вольга Гайдукова: Мы як маглі аберагалі Андрэя ад палітыкі. У нас былі вялікія рознагалоссі. Але калі зараз ва ўсё гэта мы акунуліся, то зразумелі, што Андрэй мае рацыю. Мы сутыкнуліся з усім гэтым лоб у лоб. З тым, што лісты не даходзяць ні яму, ні нам. З тым, што адваката не дапускаюць… Напэўна, не ўсё ў нас у краіне так, як хочацца.

Еўрарадыё: Што перадаёце Андрэю? Ён нешта просіць канкрэтнае, альбо не?

Вольга Гайдукова: Прадукты. Патрабаваў свежую гародніну і садавіну. Грушы перадалі, яблыкі. Перцы. Сказаў, салат будзе рабіць. Ён у нас такі таварыш.

Еўрарадыё: А акрамя палітыкі Андрэй чым займаецца? Магчыма, нейкія захапленні ў вашага сына асаблівыя ёсць.

Вольга Гайдукова: Ды шмат чым, насамрэч. Ён жа ў нас шматбаковая асоба. Рыбалку любіць, гістарычную літаратуру. Замаўляе нават адмыслова праз інтэрнэт. Ды ўсё яму цікава. Хіба што асаблівую цікавасць да камп’ютара праяўляе. На пачатку бацька яму нешта там тлумачыў, але цяпер Андрэй сам з усім разбіраецца. Жывёл даглядае таксама. Дапамагаў мясцоваму таварыству абароны жывёл.

Еўрарадыё: Сын змяніўся за гэтыя два месяцы? Што новага ў ім вы заўважылі, калі меркаваць па лістах?

Вольга Гайдукова: Было некалькі трывожных лістоў. Асабліва ў апошні час, калі мы пачалі іх часцей атрымоўваць. Раней жа ўвогуле нічога не было. Першыя тыдні лісты не даходзілі ад Андрэя. Але, у цэлым, ён трымаецца. Нават раздае нам даручэнні розныя. Котку пакарміць нечым, альбо яшчэ што. Сястры сваёй нейкія даручэнні дае. Але гэта асабістае ўжо.

Еўрарадыё: Вам даводзілася бачыць следчага (Алег Барысевіч — Еўрарадыё)? Якое ўражанне аб ім маеце?

Вольга Гайдукова: Я бачыла яго адзін раз. Нічога дрэннага сказаць не магу, калі шчыра… Адзінае, мне незразумела, чаму Андрэя перавялі зноў у Мінск, бо следчы застаецца ў Віцебску. І пасля гэтага пераводу ніякіх следчых дзеянняў праведзена не было. Навошта было пераводзіць сына ў Мінск? Усё ж можна было і там, у Віцебску пакінуць. Навошта ён у Мінску?.. У нас вельмі шмат пытанняў і мала адказаў. Ніхто з нашай сям’і і сяброў Андрэя не верыць версіі КДБ. Магчыма, адбылася нейкая падстава. Я не ведаю.

Еўрарадыё: На вашу думку, чаму шмат хто не сумняваецца ў афіцыйнай версіі? Інфармацыі па справе Андрэя амаль няма.

Вольга Гайдукова: Афіцыйная версія смешна гучыць. Андрэй з замежных моваў ведае толькі нямецкую на школьным узроўні. І ўсё. Рускую, беларускую яшчэ. Сын за мяжу толькі адзін раз ездзіў, калі не памыляюся. Нейкі форум у Бруселі быў ў мінулым, альбо ў пазамінулым годзе. Тады шмат хто паехаў з ім разам. Ён жа не адзін быў у паездцы.

Еўрарадыё: Як будзе развівацца справа Андрэя далей? Чаго вы чакаеце ад гэтай гісторыі?

Вольга Гайдукова: А вы як думаеце? Я не ведаю. Самае страшнае, што нехта напісаў для Андрэя сцэнарый, а ён не хоча па ім гуляць. Я б вельмі хацела даведацца, хто гэты сцэнарыст. Хацела б паглядзець яму ў вочы. Мы не ведаем, што ў іх у галаве, што яны запланавалі. Я думаю, што і Андрэй гэтага не ведае.

Нагадаем, Андрэй Гайдукоў, моладзевы апазіцыйны дзеяч з Наваполацку, быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Віцебску яшчэ 8 лістапада 2012 года. Яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць замежнай выведкі. Падрабязнасці справы дагэтуль невядомыя. Родныя і паплечнікі Гайдукова перакананыя, што яго затрыманне звязанае з апазіцыйнымі поглядамі юнака.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі