Лукашэнка пра хакей: мне сорамна нават чуць пра гульню мінскага "Дынама"!

Пра беларускі хакей Лукашэнка выказаўся ў пятніцу падчас наведвання Мінскага камбіната хлебапрадуктаў.

"Мінскае "Дынама" — самы заможны клуб, дзе хакеісты зарабляюць прыстойныя грошы. Мне ўдвая сорамна не толькі гаварыць, а нават слухаць пра тое, як гуляе нашае мінскае "Дынама", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы не выключае, што ў будучыні беларускі клуб адмовіцца ад удзелу ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Лукашэнка прапанаваў стварыць "еўрапейскую хакейную лігу".

Нагадаем, мінскае "Дынама" сёлета не здолела патрапіць у плэй-оф КХЛ.

***

Лукашэнка хоча прапанаваць еўрапейцам стварыць хакейную лігу

Кіраўнік Беларусі ў пятніцу даў жорсткія ацэнкі сітуацыі ў беларускім хакеі: няўдаламу выступленню зборнай і мінскага "Дынама".

Першая не трапіла на Алімпіяду ў Сочы, а дынамаўцы не патрапілі ў плэй-оф КХЛ.

Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым прапанаваць "еўрапейцам стварыць еўрапейскую лігу". "Еўрапейцам трэба мець сваю лігу. Мы злёталі б у Берлін, сыгралі б і вярнуліся б у гэты ж дзень", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка заявіў, што "ёсць і трэці варыянт". Паводле яго слоў, Беларусь можа адмовіцца ад удзелу ў КХЛ і "не траціць два дзесяткі мільёнаў долараў, а ўкласці грошы ва ўласны хакей".

***

Лукашэнка: у спартовых функцыянераў мазгі замерзлі, не працуюць!

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у бліжэйшы час сур'ёзна разгледзець сітуацыю з беларускім спортам і разабрацца з існуючымі праблемамі.

"На наступным тыдні ў мяне будзе размова з нядаўна прызначанай "троіцай": міністрам спорту, памочнікам прэзідэнта і першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Я ў іх спытаю ацэнку і аб тым, якія іх дзеянні", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.

Ён паабяцаў у бліжэйшы час разабрацца і з хакейнай зборнай. "Я на гэта спакойна пазіраць не буду, усе былі папярэджаныя", — падкрэсліў Лукашэнка. Таксама ён паабяцаў вярнуцца да пытання заробкаў: "Некаторыя трэнеры атрымліваюць сёння ў месяц па 70 мільёнаў, а то і больш, займаючы апошняе месца".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што праблемаў шмат у спартовай галіне. "Відаць, у нашых спартовых функцыянераў ці мазгі не круцяцца, замерзлі, ці яны не хочуць працаваць. Пойдуць вуліцы падмятаць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі