Лісты Коласа да маладой сяброўкі паказвалі толькі адну гадзіну (фота)

Аляксандра была маладзейшая за класіка на 30 гадоў, працавала бухгалтаркай у Доме друку – відаць, недзе там яны і пазнаёміліся у 1945 годзе, калі Колас быў у страшэннай тузе пасля смерці жонкі. У Кетлер быў муж, дачка, але гэта не магло замінаць светлым сяброўскім пачуццям, сімпатыям да класіка беларускай літаратуры. Тым больш, калі табе прысвячае лірычныя вершы сам Якуб Колас – устаяць, бадай, немагчыма!..
Аляксандра Кетлер

На Ночы музеяў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа зладзіў унікальную выставу лістоў Коласа да Кетлер усяго на адну гадзіну. Раней яны ніколі не экспанаваліся ўвогуле. А іх публікацыя забароненая дачкой Аляксандры Кетлер (якая і перадала лісты ў музей) да чэрвеня 2013 года.
У музеі патрапляю якраз на экскурсію – сімпатычная дзяўчына распавядае невялікай групе наведнікаў пра тыя самыя лісты. Высвятляецца, што гэта – Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў музея. Па сумяшчальніцтве… праўнучка Якуба Коласа! Спадарыня Васіліна распавядае, пра што ж яе славуты прадзед пісаў да маладой бухгалтаркі.
Васіліна Міцкевіч вядзе экскурсію

Унучка, праўнучка і прапраўнучка Якуба Коласа

Васіліна Міцкевіч: “Напрыклад, у адным з лістоў Якуб Колас піша, што пазнаёміліся яны з Аляксандрай Антонаўнай роўна 10 год назад – піша ён гэта ў лісце 1955 года. Піша, што іх аб’ядноўвае сяброўства, “не зганьбленае нічым”. У іншым лісце ён дзеліцца з Аляксандрай Антонаўнай рознымі перажываннямі. У той час Якуб Колас быў ужо даволі пажылым чалавекам, вельмі часта яму было самотна. Таму ён пісаў лісты да сваіх сяброў і знаёмых, адной з такіх знаёмых і была Аляксандра Кетлер”.

Адзін з самых першых лістоў, 19 лістапада 1945 года

Адзін з апошніх лістоў, за два месяцы да смерці

Адразу ўзнікае пытанне: навошта пісаць лісты да чалавека, які жыве з табой у адным горадзе? Тады ж ужо былі тэлефоны, ды і сустракацца магчыма. Але Колас быў вялікім аматарам ліставання. Былі і іншыя прычыны.
Васіліна Міцкевіч: “Справа ў тым, што Колас не ўвесь час жыў у Мінску, раз’язджаў. Бо быў не толькі пісьменнікам, але яшчэ і грамадскім дзеячам. Вельмі часта выязджаў на розныя паседжанні ў Маскву, адкуль пісаў лісты да сяброў, блізкіх – у тым ліку і да Аляксандры Антонаўны. Канешне, у Мінску яны заходзілі адзін да аднаго ў госці, але і пісалі лісты – гэта таксама быў спосаб падзяліцца сваімі пачуццямі, перажываннямі”.


Васіліна Міцкевіч кажа, што Колас быў чуллівым чалавекам, а яшчэ любіў назіраць і апісваць прыроду. Яму патрэбна была жанчына, з якой можна было ўсім гэтым падзяліцца.
Верш-прысвячэнне Аляксандры Кетлер

Васіліна Міцкевіч: “У другім лісце, прадстаўленым на нашай выставе, ён расказвае аб сваім жыцці ў санаторыі “Барвіха” ў Маскве, дзе ён лячыўся і адпачываў. Ён апісвае, што знайшоў куточак, дзе спляліся дубок і бярозка і нагадваюць яму хлопчыка і дзяўчыну, якія трымаюцца за рукі. Мяне вельмі ўразіла, якім назіральным чалавекам быў Якуб Колас! У гэтым жа лісце ён піша, як паводзілі сябе мурашкі – як яны кралі ў яго цукар. Ён прынёс ім булку з цукрам – думаў, гэтага будзе дастаткова. Але яны з’елі гэтую булку – і ўсё адно працягвалі красці цукар!”

Віртуозны аўтограф класіка: Я-куб [матэматычны знак куба] Колас (у выглядзе малюнка)

Сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч (дзядуля Васіліны) прыгадаў у адным з інтэрв’ю, што яго бацька рабіў Аляксандры Кетлер дарагія падарункі – напрыклад, футра.
Аляксандру Кетлер Колас называў "Былінкаю"

Васіліна Міцкевіч: “Дакладна пра гэта мне дзядуля нічога не расказваў… Але я ведаю, што Якуб Колас быў вельмі добрым чалавекам, шмат каму дапамагаў, нават тым, каго не ведаў. У нас захоўваюцца лісты, дзе людзі просяць у яго: хто грошай, хто падтрымку, хто набыць карову, хто зрабіць рамонт... Таму ён мог рабіць падарункі і Аляксандры Антонаўне, бо яны ж ведалі адно аднаго 11 гадоў…”


"Што робіце Вы ў гэтую хвіліну, у 7 гадзін вечара без чвэрці? Жадаю Вам усяго найлепшага. Моцна цалую. Ваш Я.К."

Ці рабіў класік кампліменты Аляксандры Кетлер у гэтых лістах і вершах?
Васіліна Міцкевіч:  “Калі пачытаць верш-прысвячэнне, то канешне, гэта можна ўспрымаць як камплімент. Ён піша там, што ў яе вельмі добрая ўсмешка, што ў яе прыгожыя вочы. Канешне, у гэтых вершах ён захапляўся ёй як прыгожай маладой жанчынаю!”


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі