Колькасць хворых на рак у Мінску можа павялічыцца на 25%?

У адным са сталічных шпіталяў неўзабаве з’явіцца новае абсталяванне для выяўлення анкалагічных захворванняў. На думку старшыні дабрачыннага фонда “Дзецям Чарнобыля” Генадзя Грушавога, дзякуючы гэтаму абсталяванню медыкі змогуць больш дакладна выяўляць у пацыентаў страшную хваробу — рак. Адпаведна, вырасце і статыстыка анкалагічна хворых.

Генадзь Грушавы:
“Вядома, цягам аднаго-двух гадоў будзе скачок. Прыкладна на 20-25 адсоткаў”.

Між тым вядома, што некалькі гадоў таму ў Мядзел паставілі сучаснае абсталяванне для выяўлення анкалагічных захворванняў. І, паводле афіцыйных звестак, з 2004 па 2008 гады колькасць хворых на анкалогію ў Мядзельскім раёне павялічылася на 55,8%. Гэта ў 8 разоў больш, чым у сярэднім па ўсёй Беларусі.

Гэтыя лічбы прыводзяць у “Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе АЭС у Астраўцы”, складзенай Мінэнерга.

Аднак у самім Мядзеле з такімі звесткамі не згодныя.

“Няма ў нас такой праблемы, я вам кажу адназначна! У нас калі і выяўляюць такіх хворых, то па адным чалавеку ў год. Цягам 2006, 2007, 2008, 2009 гадоў, а ў 2010 ўвогуле ніводнага не было. Вось і ўся праблема! Я не ведаю, адкуль яна такая ўзялася”, — распавяла загадчыца Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Серада.

Але калі Еўрарадыё папрасіла яе пракаментаваць прапісаную ў дакладзе Мінэнерга лічбу ў амаль 56% росту тых, хто пакутуе на рак, доктарка нечакана адмовілася ад далейшай размовы з журналістам.

Такі адказ мядзельскага медыка наконт адсутнасці значнага павелічэння захворванняў не здзіўляе Генадзя Грушавога.

Генадзь Грушавы:
“Большасць такіх рэгіянальных клінік не бярэ на сябе адказнасць у пастанове падобнага дыягназу. Яны накіроўваюць людзей у рэспубліканскія клінікі. А на месцы фактычна адмаўляюць у фіксацыі павелічэння росту такіх захворванняў”.

Грушавы ўпэўнены, што калі паставіць сучаснае абсталяванне ва ўсе паліклінікі краіны і правесці абследаванне людзей, то хворых на анкалогію акажацца больш па ўсёй краіне, а не толькі ў Мядзельскім раёне.

Генадзь Грушавы: “Працягвае дзейнічаць латэнтны фактар Чарнобыльскай радыяцыі. Ён перадаецца ад людзей, якія жылі ў самых небяспечных зонах. Яны пераехалі ў “чыстыя” раёны. Большасць іх была ў нараджальным узросце і ў іх гэтыя захворванні не выяўляліся. А калі ў іх нарадзіліся дзеці, а ў тых свае дзеці — вось тут гэты генетычны фактар пачаў працаваць. І пачаўся рост. Бо радыяцыйныя анкалагічныя захворванні на генным узроўні перадаюцца наступным пакаленням”.

Між тым пазаштатны кансультант Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах Сяргей Красны кажа, што пацыенты з Мядзельскага раёна сапраўды праходзяць абследаванне ў Бараўлянах. І сталічныя дактары насамрэч адзначаюць там невялікі рост хворых на рак. Аднак раіць не палохацца статыстыкі.

Сяргей Красны: “Гэта закон малых лічбаў: захварэла тры чалавекі, а на наступны год — 4. І атрымліваецца, што на 25-30% рост захворванняў”.

На яго думку, хворых становіцца больш, бо… павялічваецца працягласць жыцця. А рак — гэта захворванне сталага ўзросту. Таму, кажа, чым больш людзі будуць жыць, чым лепш будзе жыццё — тым больш будуць паміраць ад раку. Ад нечага ж, лічыць Сяргей Красны, людзі паміраць павінны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі