Хто з беларусаў здольны выйграць Blog Awards?

120215 Svjardlou Blogi.mp3

13 лютага пачаўся прыём заявак на конкурс блогаў і сеціўных суполак The BOBs – Deutsche Welle Blog Awards. Карыстальнікі інтэрнэта могуць прапанаваць сваіх кандыдатаў на конкурс. Пасля за сваю працу возьмецца журы: акрамя “агульных” намінацый (“Лепшы блог”, “Лепшая грамадская кампанія ў сацыяльных медыях”, тэматычны прыз “Адукацыя і культура” “Лепшы відэаблог” і г.д.) будуць вызначаныя лепшыя блогі на 11 мовах. Сярод якіх, на жаль, няма беларускай.

“З прычыны адсутнасці моўнай рэдакцыі Deutsche Welle, як я мяркую, няма і таго, хто б лабіраваў інтарэсы беларускай мовы і прасунуў бы беларускую мову ў такі праект, як The BOBs”, – распавядае Еўрарадыё журналіст DW Паўлюк Быкоўскі. Ён пільна сочыць як за гэтым конкурсам, так і за развіццём блогасферы.

Партугальская, персідская, інданезійская і нават бенгальская. Беларуская ж мова па-ранейшаму застаецца часткай кірылічнага сегмента блогаў і вымушаная канкураваць з рускай і ўкраінскай. На думку аднаго з фіналістаў The BOBs 2010, блогера Віктара Малішэўскага, шанцы беларусаў на перамогу невялікія:

Віктар Малішэўскі: “Беларусь зараз не ў трэндзе. Тое, што ў нас адбываецца, усім ужо надакучыла. Зараз у цэнтры ўвагі краіны Блізкага ўсходу: адтуль апошнія пераможцы The BOBs. Калі мяне запрашаюць на канферэнцыі, прысвечаныя сацыяльным медыя, там заўжды шмат удзельнікаў з арабскіх краін. Яны распавядаюць, як з дапамогай блогаў зрабіць рэвалюцыю. А я - пра “лузерскі” досвед беларусаў”.

Віктар Малішэўскі звяртае ўвагу на перакос у грамадскай думцы. Насамрэч, гэта рэвалюцыя “робіць” блогераў, а не наадварот. Тым не менш, блогі ўяўляюцца небяспечнымі ў вачах уладаў. І яны пачынаюць са свайго боку ціснуць на сацыяльныя медыя, не заўважаючы іх актуальнасці і патэнцыялу, не звязанага з палітычнай барацьбой.

Што праўда, ёсць і іншая прычына, з якой блог беларускага аўтара наўрад ці пераможа ў BOBs:

Віктар Малішэўскі: “У журы ёсць эксперт з Расіі. Натуральна, у яго вачах конкурс будзе канкурэнцыяй паміж расійскімі блогамі і нейкімі там беларускімі. Бо ён таксама не ўяўляе, што робіцца ў нас. Таму я лічу, што найбольшыя шанцы на перамогу маюць блогі, дзе шмат малюнкаў і фотаздымкаў”.

Але і тут неспадзяваная засада. Журналістка Ксенія Авімава, чый блог “Фотаграфаманства” 4 гады таму перамог у BOBs, кажа, што лепшыя беларускія фатографы грэбуюць весці дзённікі ў інтэрнэце. А калі і робяць гэта, дык ставяцца да напаўнення сваіх блогаў неахайна, а не як да штодзённай працы:

Ксенія Авімава: “Людзі, якіх я паважаю, як фатографаў, не вядуць блогаў. Ці гэта для іх, так: ёсць час, ёсць цікавы здымак – ну, можна паказаць… Напрыклад, Юля Дарашкевіч свой блог практычна закінула. Наташа Аблажэй, якая пачала блог у ЖЖ, таксама дадае туды здымкі вельмі рэдка. Я прыгадваю блог Дзімы Брушко, які ён абнаўляе вельмі рэдка. Гэта вельмі вартыя здымкі, якія ён вельмі цікава бачыць. І яшчэ цікавы блог у Сашы Васюковіча. Ён абнаўляецца часцей, і працы там вельмі незвычайныя і цікавыя”.

З беларускімі фатографамі, якія грэбуюць блогамі, не згодны фатограф Антон Матолька. Улетку яго фотарэпартажы з “маўклівых акцыяў” абляцелі свет. Здымкі, на якіх пяцёра спецназаўцаў, нібыта воўчая зграя, падкрадаюцца і ззаду накідваюцца на юнака, трапілі ў топ рускамоўных блогаў. Усе яны найперш з’явіліся не ў медыя, а ў інтэрнэт-дзённіку фатографа.

“Пра конкурс BOBs я ведаю, але пра тое, што ён пачаўся, сёлета чую ўпершыню ад вас, – прызнаецца Еўрарадыё Антон Матолька. – Зараз людзі больш не прыходзяць на сайты, каб чытаць навіны. Яны прыходзяць, каб прачытаць канкрэтную навіну, пра якую ўжо нехта пісаў. За кошт гэтага блогі ў нечым і выйграюць. Глядзіце: ёсць блогі, якія амаль ніхто не чытае. Але раптам там з’яўляецца цікавая навіна. Нехта першы дае спасылку на яе, пасля яшчэ і яшчэ… І блог трапляе ва ўсе топы і шырока цытуецца. З развіццём сацыяльных сетак гэта стала вельмі практычна і зручна”.

Перамога беларускага блога ў конкурсе The BOBs – Deutsche Welle Blog Awards яшчэ раз звярнула б увагу людзей па ўсім свеце на праблемы, якія даводзіцца вырашаць нашай краіне. Што праўда, самі фіналісты і пераможцы конкурсу істотных “дывідэндаў” не атрымліваюць.

“Хіба што, на замежныя канферэнцыі сталі часта запрашаць”, – жартуе Віктар Малішэўскі.

“І кожны год, калі пачынаецца The BOBs, даводзіцца прыдумляць новыя адказы на заўсёдныя пытанні”, – дадае Ксенія Авімава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі