Хто выверне кішэні пасля павышэння базавай велічыні?

120223 Nasta Bazavaia.mp3

Еўрарадыё пагутарыла з людзьмі, якім за звыклыя рэчы з 1 красавіка давядзецца выкладаць у 3 разы больш.

Апроч бізнэсоўцаў, правапарушальнікаў ды студэнтаў, у мінусе застануцца “сабачнікі”. Падатак на ўтрыманне сабакаў залежыць ад базавай велічыні! Пасля падвышэння максімальны падатак можа дасягнуць 150 тысяч.

“Кінолагі кажуць, што сёння ў Мінску каля 70 тысяч сабак. А зарэгістравана ў нас 12 тысяч! Вось так і ставяцца да падатку… Стараюцца не рэгістраваць, — кажуць Еўрарадыё ў прадпрыемстве “Фауна горада”. — Да 40 см. у карку — 0,4 базавай велічыні. Ад 35 тысяч гэта — 14 тысяч. А 0,4 ад 100 тысяч — 40 тысяч. Наступная катэгорыя: ад 40 да 70 см. За іх падатак — адна базавая велічыня. Было раней 35 тысяч, стане 100 тысяч. А за сабак ад 70 см. і больш — 1,5 базавыя велічыні, гэта максімальны падатак. Сёння гэта 52 тысячы 500 рублёў. А будзе 150 тысяч!”

Натуральна, пасля падвышэння базавай велічыні з 35 да 100 тысяч рублёў колькасць зарэгістраваных хатніх улюбёнцаў не павялічыцца… Тым больш, што “сабачнікаў” новы падатак абурыў. Таму ўлады вырашылі скараціць яго напалову. На мове закону — увесці паніжальны каэфіцыент 0,5.

Ад падвышэння базавай у мінусе застануцца і правапарушальнікі, бо да базавай велічыні прывязаныя ўсе штрафы. Цяпер пакаранне за безбілетны праезд будзе складаць 20 тысяч рублёў (сёння — 7000). За ўжыванне алкагольных напояў можна заплаціць да 1,5 мільёна. Паленне ў забароненых месцах можа каштаваць 400 тысяч рублёў.

Адаб’ецца рост базавай і на студэнтах. Падвышэнне стыпендый кампенсуецца падаражэннем інтэрнатаў. Пражыванне ў іх каштуе 1-3 базавыя велічыні. З 1-га красавіка гэта будзе 100-300 тысяч рублёў.

Студэнт БДУІР Андрэй кажа, што яго гэта не пужае, бо ён “ужо пужаны”.

Андрэй, БДУІР: “Шчыра, я яшчэ не вельмі асэнсаваў, што гэта адаб’ецца. Але з пачатку года плата ўжо паднялася! У мінулым годзе інтэрнат каштаваў 17 тысяч, а сёлета ўжо звычайны інтэрнат каштуе 75 тысяч. Пасля такога пад’ёма ўжо цяжка напужаць. Тым больш, што яно вылічваецца са стыпендыі, таму гэтыя грошы мы ў руках не трымаем, таму не так крыўдна”.

Усё ж такі больш за ўсё адчуюць рост базавай велічыні на сабе бізнэсоўцы. Але і прадпрымальнікі ўжо загартаваныя настолькі, што базавая велічыня іх асабліва не хвалюе, прызналася Еўрарадыё Міла. Яна трымае свой бізнес і кажа, што, акрамя базавай, увесь час што-небудзь расце.

Міла: “У нас і ўсе астатнія плацяжы падвышаюцца самі па сабе, незалежна ад падвышэння базавай. Арэндная плата, напрыклад. Хаця яна ў нас і не прывязаная непасрэдна да базавай, нядаўна нам яе паднялі на 20% без усялякага папярэджання. А калі мы спыталі, чаму, — сказалі: ну, ва ўсіх цэны растуць! Так сама і іншыя плацяжы — пастаўшчыкі падымаюць кошты… Рэклама на тэрыторыі таго будынку, дзе мы знаходзімся, будзе платнай, а дагэтуль уваходзіла ў арэндную плату”.

Еўрарадыё: А што наконт штрафаў?

Міла: “Штрафы, спадзяемся, плаціць не будзем, пазбегнем гэтага. Нейкія пошліны — гэта нязначна. А ўсё астатняе — цалкам фіксаванае. І гэтае фіксаванае расце. Пастаянна! Хаця курс долара ўжо стаіць і базавая яшчэ не паднялася. А ўсё адно растуць”.

Разам з базавай велічынёй падаражэе афармленне дакументаў. З 1 красавіка ўтрая вырасце збор за афармленне правоў кіроўцы, падачу дакументаў у ЗАГС, замену і выраб пашпарта ды шмат якія іншыя “папяровыя” працэдуры. Але гэта ўсё разавыя плацяжы. Таму іх уплыў на таўшчыню кішэні не такі адчувальны.

Фота: dengi.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі