Каталонія галасуе па пытанні аб незалежнасці ад Іспаніі

Каталонскія нацыяналісты хочуць правесці рэферэндум аб тым, ці павінна Каталонія аддзяліцца ад астатняй Іспаніі. Паводле апытанняў, прыхільнікі незалежнасці атрымаюць нямала галасоў на выбарах.

Старшыня ўрада Каталоніі Артур Мас прыняў рашэнне правесці датэрміновыя выбары на фоне канфлікту з цэнтральным урадам наконт пытання аб фінансаванні. Іспанскі ўрад папракае ўлады рэгіёна ў жаданні выкарыстоўваць у сваіх мэтах цяжкасці, звязаныя з эканамічным крызісам, паведамляе ВВС.

У Мадрыдзе заяўляюць, што каталонскія нацыяналісты шукаюць апраўдання таму, што ў рэгіянальным бюджэце практычна скончыліся грошы і ўтварыўся вялікі доўг. Мас заяўляе, што фінансавыя ўзаемаадносіны багатага паўночна-ўсходняга рэгіёна і цэнтральнага ўрада выбудаваныя такім чынам, што яны невыгодныя Каталоніі.
 
Па словах прыхільнікаў аддзялення, незалежная Каталонія будзе багацейшай у якасці сябра ЕС, а не правінцыі Іспаніі.