Каб ездзіць на вучобу, студэнт аддае чвэрць стыпендыі

120823 MartynovichBilet.mp3

Студэнт гістарычнага факультэта БДУ Пятро Марчанка мае 600 тысяч стыпендыі на месяц. Цяпер перайшоў на 4-ы курс.

“Я жыву на кватэры каля Партызанскага праспекту. На метро езджу 4-5 разоў на дзень. Праязднога ніколі не набываў”, — расказвае Пятро.

Атрымліваецца, аддае на праезд 7 тысяч рублёў за дзень. Гэта 160 тысяч на месяц і… чацвёртая частка месячнай стыпендыі. За гэта можна сціпла пасядзець у сярэдненькай кавярні разам з дзяўчынай.

Студэнтка другога курса Архітэктурнага факультэта БНТУ Таццяна ездзіць на вучобу з Малінаўкі на двух відах транспарту: аўтобус і метро. А потым яшчэ раз — падчас заняткаў, бо вучоба праходзіць у двух розных корпусах: архітэктурным “карабліку” і ў студгарадку БНТУ. Мае 630 тысяч стыпендыі.

“Да ўніверсітэта я дабіраюся на двух відах транспарту і потым — падчас заняткаў. За дзень каля 6 разоў еду”, — тлумачыць Таццяна.

І дадае, што ўлетку набыла праяздны на 2 віды транспарту.  Каштуе 82 тысячы. Значыць, студэнтка аддае на праязны сёмую частку стыпендыі ці адзін квіток на канцэрт.

У “Мінсктрансе”, які вазіў студэнтаў па сталіцы бясплатна ўвесь мінулы вучэбны год, асаблівых стратаў не заўважылі. Бо гарадскія ўлады аплацілі…

“Затраты нам кампенсаваў горад. Урад прыняў рашэнні, ён за яго заплаціў. Наша прадпрыемства стратаў не панесла. На сёння студэнты плацяць, школьнікі – не”, — расказваюць у “Мінсктрансе”.

Але суму не агучваюць, сакрэт…

У Мінгарвыканкаме пакуль думаюць, ці варта вяртаць бясплатны праезд студэнтам, бо “пенсіянеры супраць”.

“Калі мы толькі ўвялі бясплатны праезд для студэнтаў, мы атрымалі масу заўваг. Акрамя таго, мы атрымоўвалі лісты, у якіх пенсіянеры скардзіліся , што студэнты не саступаюць месца чалавеку сталага веку, ды яшчэ і ездзяць бясплатна”, — цытуе Белта словы намесніка старшыні мінскага гарвыканкама Ігара Карпенка.

Дзіўна, але ў аддзеле па працы са зваротамі грамадзян Мінгарвыканкама Еўрарадыё не могуць прыгадаць, каб пенсіянеры скардзіліся на тое, што студэнты не плацяць у аўтобусе. Толькі на паводзіны моладзі.

“Такой скаргі, што яны бясплатна ездзяць, не было. Адна скарга была, што моладзь не вельмі выхаваная”, — расказвае супрацоўніца аддзела.

Калі ўявіць, што 110 тысяч студэнтаў, якія вучацца ў Мінску, будуць набываць праязны на 2 віды транспарту цягам усяго году, “Мінсктранс” заробіць 13 мільёнаў долараў. А бюджэт Мінска на 2012 год 2,4 мільярды долараў.

Фота: content.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі