Ізалятар на Акрэсціна адрамантуюць у 2014 годзе

У Цэнтры ізаляцыі
правапарушальнікаў, што на завулку Акрэсціна ў Мінску, пачалі рэканструкцыю,
добра, што без рэстаўрацыі. Бо ўмовы там былі далёкія ад ідэалу, і зусім не
такія, як прапісана ў заканадаўстве. І, можа, не было б такой вялікай увагі да
ўмоваў у гэтай установе, калі б туды рэгулярна не ўпісвалі на "суткі"
актывістаў, апазіцыянераў і журналістаў.

Актывіст Павал Вінаградаў вызваліўся з
"сутак" 30 верасня. За дзень да пачатку рамонту.

"У дзень, калі мяне выпускалі, планавалася
вялікае перасяленне. Гаворка ішла даўно. Я калі начальніка пытаў, ён казаў, што
ўжо хутка-хутка пачнём перастройвацца".

Афіцыйна
рэканструкцыя пачалася 1 кастрычніка. Як даведалася Еўрарадыё, завершыцца яна ў
чэрвені 2014 года. То бок, пасля чэмпіянату свету па хакеі.

Цяпер на другім
паверсе ізалятара ідуць працы. Будаўнікі разбураюць усё знутры. Са сценаў
камераў прыбяруць "шубу", заменяць туалеты а замест сцэны з'явяцца
нары. Будаўнікі абяцаюць, што будуць новыя камеры "павышанай
камфортнасці". Звонку будынак таксама адрамантуюць, заменяць абліцоўку
сценаў і вокны.

Пакуль усіх
адміністратыўных затрыманых утрымліваюць у суседнім будынку — СІЗА для
крымінальнікаў, кажа праваабаронца Наста
Лойка
.

"Наколькі мне вядома, там аддалі пад гэта
2-гі і 4-ы паверхі. Незразумела, навошта такая колькасць. Ведаю, што там значна
лепш умовы. Але вельмі кепскі графік працы. Не заўжды можна патрапіць з
перадачай і праблема патрапіць адвакату".

Алега Корбана затрымалі пасля флэшмобу супраць прапаганды на
тэлебачанні, а асудзілі за дробнае хуліганства на 5 сутак. Сядзеў Алег ужо ў
СІЗА.

"Калі ўжо вызваляўся, запытвалі: ну як вам у
нас умовы? Бачыце, тут жа лепш? Вам больш у нас падабаецца?"

Алег прызнаецца,
што ўмовы сапраўды крыху лепшыя. Але стаўленне такое ж, прагулка толькі 2 разы
па 20 хвілін, у душ — адзін раз на 15 хвілін, праз вакно не разабраць, ідзе на
вуліцы дождж ці свеціць сонца. Камеры большыя, замест сцэны — нары, выдаюць
матрац, падушку, бялізну, кавалак мыла. Усяго гэтага не было на Акрэсціна.

"Маленькі кавалачак гаспадарчага мыла. Давалі
стос папер, каб хадзіць у прыбіральню. Гэта быў стос папер ад газеты СБ.
Каляровая такая газетка, падзеленая на кавалачкі. Кожнаму, хто заязджае — у
рукі такі камплекцік. Але змяшчаюць людзей нягледзячы на іх псіхалагічны стан і
здароўе. Да мяне закідвалі двух людзей з туберкулёзам, адзін з іх моцна
кашляў".

У камерах СІЗА
утрымліваюць крымінальнікаў, у старым будынку ЦІП адміністратыўна затрыманых.
Першыя маглі некага забіць, другія маглі патрапіць за тое, што мацюкнуліся на
вуліцы, ці правялі флэшмоб.