Конь — гэта ўнікальны жывы трэнажор

Такі метад называецца “іпатэрапія” і паспяхова прымяняецца ў многіх краінах свету. У Асіповічах іпатэрапіяй карысталіся дзякуючы Таццяне Цюльковай, якая скончыла адмысловыя курсы і рабіла ўсё магчымае дзеля таго, каб дзеці адчувалі сябе лепш. Цяпер жа ўлады з той прычыны, што афіцыйнага дазволу ў школы-інтэрната займацца іпатэрапіяй няма, вырашылі адабраць у дзяцей коней і перадаць іх заасаду горада Магілёва. Не выключана, што адтуль жывёлаў могуць адправіць на мясакамбінат. 

Іпатэрапія — форма рэабілітацыі хворых пры дапамозе коней. Лекары адзначаюць, што яна карысная пры шырокім спектры захворванняў, ад самых лёгкіх да самых цяжкіх: страта зроку, слыху, дзіцячы цэрэбральны параліч, аўтызм. Незвычайны метад падобнага лячэння і рэабілітацыі да нядаўніх часоў практыкаваўся ў Асіповіцкай школе-інтэрнаце для дзяцей з праблемамі апорна-рухальнага апарата. Займалася з дзецьмі Таццяна Цюлькова.

“Конь цяплейшы за чалавека на 1-2 градусы. Калі чалавек сядзіць на кані, ён атрымлівае адначасова рознанакіраваныя рухі назад-уперад, улева-ўправа і ўверх-уніз. Іншымі словамі, конь гэта ўнікальны жывы трэнажор, аналагаў якому няма ў свеце”, — распавядае пра прынцып іпатэрапіі Таццяна.

У інтэрнаце быў конь, які выкарыстоўваўся выключна ў гаспадарцы. Таццяна Цюлькова вырашыла выкарыстаць жывёлу іначай. Але аднаго каня на ўсіх дзяцей не хапала, на новую стайню не было грошай, а старая развальвалася на вачах. І тады Таццяна звярнулася да замежных інвестараў.

“У 2010 годзе ў нас у Асіповічах можна было пісаць праекты ў Праграму развіцця ААН. Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні. Я напісала праект і спецшколе выдзелілі грошы ў памеры каля сямі тысяч долараў. На гэтыя грошы гэты жудасны хлеў быў адрамантаваны і ператвораны ў сапраўдную стайню, быў набыты яшчэ адзін конь”, — кажа Таццяна Цюлькова.

Цяпер, калі з’явіліся новая стайня і другі конь, здавалася, што праблемы скончыліся. І сапраўды, дзеці пачалі адчуваць сябе нашмат лепш. Паляпшэнне адзначалі і многія настаўнікі, і выхавальнікі.

“Усе настаўнікі і выхавальнікі заўважылі, што дзецям стала лепш. Дзеці рабіліся спакойнымі, задумлівыя рабіліся больш жвавымі. Дзеці вельмі палюбілі гэтага каня і хацелі з ім займацца. Немагчыма было зайсці ў школу, адразу падбягаў натоўп дзяцей. Хто мог гаварыць пытаўся: “Калі мяне возьмеце?”, хто не мог гаварыць біў сябе ў грудзі і зазіраў у вочы”.

Праз некаторы час Таццяна скончыла адмысловыя курсы па іпатэрапіі, але бяда прыйшла адтуль, адкуль яе не чакалі. Нечакана са школы звольнілася выхавальніца, якая дапамагала Цюльковай праводзіць заняткі. Таццяна пачала працаваць у дзве змены і падарвала сваё здароўе. А потым у школе-інтэрнаце змянілася і кіраўніцтва. Новая дырэктарка вырашыла, што коні тут непатрэбныя. Тады Таццяна Цюлькова пачала пісаць скаргі.

“Я звярнулася да старшыні райвыканкама, напісала электронны ліст у аблвыканкам, кіраўніцтву спецшколы. Коней вырашылі пакінуць. Я засталася пры іх працаваць. Але нам забаранілі ўсё: нельга было займацца ні са здаровымі, ні з хворымі дзецьмі. Проста ёсць коні і ёсць конюх”, — распавядае Таццяна.

Ну, а потым увогуле абласныя ўлады вырашылі коней перадаць у Магілёўскі заасад, бо там маюць ліцэнзію і дазвол на ўтрыманне жывёлаў. Аднак, як сцвярджае Цюлькова, з заасаду коней могуць перадаць і аддаць куды заўгодна, нават на мясакамбінат.

Цяпер у Асіповіцкай школе-інтэрнаце коней няма, Таццяна Цюлькова таксама тут ўжо не працуе, а дзеці засталіся. Нават пасля таго, як коней адвезлі ў Магілёў, сустракаючы Таццяну, малыя пытаюцца: “А калі мы будзем катацца на коніку?”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі