Імпартазамяшчаць у Беларусі будуць зубачысткамі і падгузнікамі?

"Разбасячыліся да таго, што не можам у краіне зрабіць свае зубачысткі, памперсы і іншыя тавары. Да нас сёння ўсю дробязь завозяць, пачынаючы ад рыдлёвак, шчотак — што, хіба мы не можам самі такое вырабляць?" — яшчэ ўвесну казаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.


Цяпер і зубачысткі, і падгузнікі будуць беларускімі!


"У верасні плануецца давесці аб'ём выпуску да 1 мільёна штук. Чакаецца, што за 2011 год аб'ём вытворчасці складзе 6,5 мільёнаў зубачыстак", — на пінскім прадпрыемстве "УП ЭлКіс" выпускаюць зубачысткі з бярозы.


Атрымліваецца менш за адну зубачыстку ў год на беларуса! Дырэктар завода Васіль Некрашэвіч кажа, што насамрэч айчынныя зубачысткі робяць ужо гады тры.


“Мы даўно іх выпускаем — у шкляначках, пакеціках. Цяпер вось наладжваем індывідуальную ўпакоўку. Звычайныя зубачысткі, драўляныя, завостраныя з двух бакоў…”


Як даведалася Еўрарадыё, прыкладны прыбытак з зубачыстак у месяц — трошку больш за мільён. За год гэта будзе каля 13 мільёнаў!


Васіль Некрашэвіч: “Калі б мы толькі іх выпускалі, то канешне, нічога б не зарабілі. Яны ўносяць неістотны ўнёсак ва ўвесь аб’ём — гэта так. Але людзі занятыя на вытворчасці, апрацоўваюць і зарабляюць грошы”.


Працаўнікі, якія вырабляюць зубачысткі, зарабляюць за месяц таксама крыху больш за мільён. Паводле словаў дырэктара, попыт на беларускія зубачысткі ёсць. Па цане яны аднолькавыя з імпартнымі.


А вось падгузнікі сапраўды пачнуць вырабляць упершыню. Беларускія памперсы будуць троху таннейшымі за імпартныя, распавёў намеснік дырэктара замежнага прадпрыемства “БелЭмса” Сяргей Чорны.


“Завод павінен пачаць выпускаць падгузнікі ўжо ў сакавіку — каля 112 мільёнаў падгузнікаў за год”.


Еўрарадыё падлічыла, што з такой вытворчасцю аднаму дзіцяці ў год дастанецца па 228 падгузнікаў.


Сяргей Чорны кажа, што імпартазамяшчэннем пакуль што гэта назваць нельга.


Сяргей Чорны: “Так адразу нельга казаць, што гэта імпартазамяшчэнне. Імпартазамяшчэнне — гэта не так проста. Спачатку трэба іх выпусціць… У Беларусі ніхто падгузнікі сёння не выпускае”.


Дызайн беларускім памперсам будуць прыдумляць турэцкія інвестары. І назвы пакуль яшчэ няма…


Сяргей Чорны: “Па дызайне пакуль мы нічога не можам прадставіць. Мы толькі ў стадыі падрыхтоўкі будаўніцтва. Назву распрацоўваем, думаем… Канкрэтнага рашэння яшчэ не прынялі. Мы яшчэ самі не вызначыліся”.


Згодна са словамі Сяргея Чорнага, прадпрыемства будзе беларускае, лінія — італьянская, сыравіна — часткова беларуская, а часткова — ад пастаўшчыкоў, якія прывозяць сыравіну для падгузнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі