ili-ili: Марым з’ехаць у натхняльную вёсачку

Еўрарадыё: Справядлівасць усё ж перамагла, і песня
“Танчыць” гурта ili-ili стала трэцім фіналістам конкурсу “КЛІПзаМОВА”. Ці
верылі вы ў такі цуд?


Міхаіл Зуй: Не чакалі цуду. Але рупліва падышлі да агітацыі за нашу песню. Прасілі, каб
за нас галасавалі нашы сябры з Мінска і ваколіц. Так што, спачатку спадзяваліся
на добры вынік, потым надзея знікла, а затым атрымалі сюрпрыз.

Еўрарадыё: Песня каго з канкурэнтаў па туры вам асабліва
спадабалася?


Міхаіл Зуй: Прынамсі мне спадабалася песня гурта Holy Chimp. Але ў
нашым туры ўсе песні былі добрыя. І Martin S.
спрабуюць модную музыку граць, і песня “Вясна” цікава гучыць, хоць падобную
манеру выканання лічу дзіўнаватай. Але я б прагаласаваў усё ж за твор Holy
Chimp.


Еўрарадыё: Зрэшты, фінальная карцінка конкурсу
“КЛІПзаМОВА” амаль намаляваная. Мы маем у якасці фіналістаў ili-ili, :B:N:,
ZnaRock. Хто з’яўляецца найбольш небяспечным канкурэнтам для вашага гурта? І ці
гатовыя вы адыграць сольнік у клубе Re:Public у якасці пераможцаў?


Міхаіл Зуй: Сольнік адыграць мы можам! Але пра канкурэтнаў не думаем. Для нас быў гэты
тур вельмі істотным, і тое, што мы трапілі ў 4-ку — гэта таксама ўжо перамога.
А калі давядзецца сыграць ў клубе Re:Public, то з задавальненнем гэта зробім.

Еўрарадыё: Вы ўвогуле часта ўдзельнічаеце ў падобных
галасаваннях?


Міхаіл Зуй: Не, не часта. Ну, вось наша другая песня з апошняга сінгла трапіла ў
галасаванне на Ultra-Music. Але ўсе гэтыя галасаванні і вынікі — гэта сведчанне
таго, што выйграе той, хто больш актыўны ў нэце. То бок, гэта ўсё ж не зусім
аб’ектыўна.

Еўрарадыё: Днямі вы прэзентавалі свой веснавы падвойны сінгл
“Танчыць/Сэрцы”. Ён — прадвеснік будучага беларускамоўнага альбома?


Міхаіл Зуй: Так. Я спадзяюся, што мы не будзем доўга марудзіць з яго запісам і выхадам.
Але цяпер мы рыхтуемся да канцэрта, які будзе ў нас 19 красавіка, і на які,
дарэчы, мы ўсіх запрашаем. Гэта мае быць канцэрт, на якім мы выканаем песні з
нашага дэбютніка “Pаst Perfect”, песні з беларускамоўнай праграмы і старыя
творы.

Еўрарадыё: Ваша “пераможная” песня называецца “Танчыць”.
Ці часта даводзіцца табе і хлопцам з гурта танчыць у жыцці?


Міхаіл Зуй: Даводзіцца. Дома, натуральна, займаешся ў асноўным будзённымі справамі.
Але, калі гучыць якая добрая музыка, то можам з жонкай і патанчыць. Калі
чалавек не танчыць, ён сябе ў нечым абмяжоўвае, у такім выпадку не раскрываецца
нейкая чакра, вельмі патрэбная для гарманічнага існавання, кроў не ходзіць па
жылах. Трэба танчыць!

Еўрарадыё: Даволі шмат добрых беларускіх гуртоў з’явілася
з акцёрскага асяроддзя. Ці няма ў вас жадання сабраць калег па цэху і стварыць
нацыянальны беларускі мюзікл?


Міхаіл Зуй: Цікавая ідэя! У нас была думка напісаць музыку для спектакля. Мне
падаецца, што музыка “Народнага альбома” вельмі пасуе для падобнага мюзікла.
Можна было б прыдумаць да яго класнае сцэнічнае ўвасабленне. Магчыма,
калі-небудзь з’явіцца што-небудзь такое ў нас. А наконт таго, што шмат акцёраў
падаліся ў музыку, магу сказаць, што ўвогуле цяпер музыкай займаюцца больш
людзі розных прафесій, чым непасрэдна прафесійныя музыкі. Мы стварылі свой гурт
дзеля таго, каб крыху адыйсці ад тэатра, і выказаць нешта асабістае, сваё.

Еўрарадыё: А вось у ili-ili вы сябе ўсё ж больш адчуваеце
спяваючымі акцёрамі ці музыкамі з акцёрскімі дадзенымі?


Міхаіл Зуй: (смяецца) Ну, калі мы знаходзімся на сцэне ў складзе гурта ili-ili, мы,
вядома, спрабуем быць музыкамі з акцёрскімі дадзенымі. Калі граем спектакль,
натуральна, намагаемся быць акцёрамі. На канцэртах мы не хочам раскрывацца як
акцёры, і ў нашым рэпертуары амаль няма нейкіх характарных песень. Нашы “корачкі”
і працу ў тэатры мы моцна не эксплуатуем.

Еўрарадыё: Вы знайшлі сваю музычную нішу. Наколькі
канцэптуальна вы падыходзіце да стварэння музыкі? Ці ўсё ж кіруецеся інтуіцыяй?


Міхаіл Зуй: Мяркую, інтуіцыя і канцэпцыя ў нашым выпадку знаходзяцца недзе побач. Так
склалася і з нашай беларускамоўнай праграмай. Мы вельмі хацелі яе займець,
аднак у нас было ўсяго некалькі песень на мове. І калі мы паехалі за мяжу, у
нас напісаліся песні, якія канцэптуальна падыходзяць папярэднім. Тое самае
тычыцца і нашага дэбютніка. Мы намагаліся, каб у яго ўвайшлі песні з агульнай
атмасферай. Ідзем па дзвюх сцежках.

Еўрарадыё: Ці маеце нейкія планы на лета? Што вас чакае:
фестывалі ці цёплыя марскія пяскі?


Міхаіл Зуй: Лета… Я думаю, калі ўсё будзе добра, мы будзем пісаць беларускамоўны альбом.
І, калі не выйграем кліп у “КЛІПзаМОВЕ”, то будзем здымаць відосы да песень,
што ўвойдуць у альбом. У нас ёсць мара: з’ехаць на вёску разам з інструментамі
і патрэбным абсталяваннем і, каб нічога нас ад музыкі не адрывала, запісаць там
альбом. Спадзяемся, атрымаецца ў нас з’ездзіць у такую натхняючую вёсачку.