Хлопца, западозранага ў збіцці інваліда, хутчэй за ўсё пераблыталі

Нагадаем, у чацвер вялікі розгалас набыў выпадак у метро. Кампанія з двух хлопцаў і дзяўчыны жорстка збіла інваліда, які папрасіў саступіць яму месца. Нападнікаў зафіксавалі відэакамеры метрапалітэна. Праз некалькі гадзін на сайце міліцэйскага праекта "Перахоп" былі апублікаваныя спасылкі на персанальныя старонкі ў сацыяльных сетках людзей, якія падазраюцца ў правапарушэнні. Сёння зранку на сайце "Перахоп" Еўрарадыё знайшло спасылку толькі на адну са старонак.

Аднак у інтэрв'ю сайту dengi.onliner.by Вадзім Ж. паведаміў, што яго сына памылкова падазраюць у збіцці інваліда. Бацька кажа, што хлопец на відэа сантыметраў на 10 вышэйшы за яго сына. У яго няма такой вопраткі, як на відэа. Да таго ж, у хлопца на відэа збітая пасля бойкі рука, а ў Артура рукі без драпінаў і сінякоў.

Па словах хлопца, ён знаёмы з Крысцінай Р., якую зафіксавалі камеры ў метро. Дзяўчыну выклікалі на пятніцу ў міліцыю. Яна збіраецца расказаць праваахоўнікам, што разам з ёй быў не Артур, а зусім іншы хлопец.

Бацька Артура кажа, што будзе патрабаваць ад міліцыі абавязковага абвяржэння звестак і прабачэнняў за распаўсюд неправеранай інфармацыі. Ён адзначае, што ў сацыяльных сетках пачалі ўжо з'яўляцца пагрозы на адрас яго сына.

Фота — onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі