Гурт RockerJoker пераходзіць у "кватэрны" фармат

У бліжэйшую пятніцу алка-бугі-бэнд RockerJoker адыграе вялікі кватэрнік, дзе выканае ўжо добра вядомыя і зусім новыя песні. Прычым, музыкі падумваюць зладзіць серыю хатніх канцэртаў, каб прыцягнуць большую ўвагу беларусаў менавіта да такой формы выступаў.


"Прыкол клубнага канцэрта ў тым, што артыст на сцэне, а глядач пад ёй, паміж імі атрымліваецца мяжа, - тлумачыць Міхей Насарогаў. - А прыкол кватэрніка ў тым, каб гэтай мяжы не было, каб усе ўдзельнічалі ў працэсе, каб цікавыя людзі на фоне гэтага неяк пагутарылі, сталі бліжэй. Гэта, у прынцыпе, вельмі крута. Усе адзін аднаго бачаць, сядзяць твар да твару. Спачатку нейкая насцярожанасць лунае, а потым усе расплаўляюцца".

Музыкі ўжо не раз казалі, што зараз шукаюць новыя шляхі развіцця гурта. Кватэрнікі, па словах Міхея, – адна з чарговых формаў пошуку.

"Натуральна, што наведвальнікі кватэрнікаў ведаюць песні выступоўцаў, - працягвае Міхей. - Але ў прынцыпе, ідуць яны менавіта каб "памацаць" музыкаў. А гэта больш інтымна, кранальна, ці што... Магчыма праз гэтую сітуацыю і ў нас атрымаецца праявіць сябе з іншага боку...".

Кватэрнік адбудзецца 25 траўня па адрасе Партызанскі праспект 123, пачнецца выступ у 20:00. Наведвальнікам абяцаюць цёплую падлогу і асобны пакой для курэння, а таксама разнастайны алкаголь ды няхітрыя закускі. Дарэчы, можна прыносіць і з сабой. Уваход на канцэрт выключна па квітках, бо колькасць месцаў абмежаваная, а каштуюць яны 80 тысяч.

Замовіць білет можна па тэлефоне: +375 (29) 8782399

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі