Гомельскія чыноўнікі прыдумалі вакцыну супраць вулічных акцый

Адзначыць 1 траўня “масавым мерапрыемствам” вырашылі гомельскія левыя з партыі “Справядлівы свет”. І патрапілі ў замкнёнае кола: заяўку ў гарвыканкаме не прымаюць без дамоў з хуткай дапамогай і міліцыяй на аказанне паслуг. А тыя такія дамовы не заключаюць, бо дазволу выканкама ў арганізатараў няма. Сітуацыя абурае лідара партыі Сяргея Калякіна.

Сяргей Калякін: “Гэта глупства! Спачатку павінен быць дазвол (мясцовых уладаў. — заўв. Еўрарадыё), а потым — узгадненне ўсіх пазіцый. Зразумела, што калі няма дазволу, то хто будзе ўзгадняць працу міліцыі і ўсяго астатняга?”

Тым не менш патрабаванне да арганізатараў масавых мерапрыемстваў дамаўляцца з медыкамі, міліцыяй, МНС ды іншымі структурамі замацаванае ў законе “Аб масавых мерапрыемствах”. Як з такой сітуацыяй спраўляюцца іншыя?

Сталічныя веласіпедысты вырашылі напрыканцы красавіка правесці ў адным з паркаў горада масавае мерапрыемства. Дазвол атрымалі без асаблівых праблем, распавядае Еўрарадыё кіраўнік “Мінскага велатаварыства” Яўген Харужы.

Яўген Харужы: “Проста напісалі ў заяўцы ў Мінгарвыканкам, што абавязваемся заключыць такія дамовы пры неабходнасці. Яны потым у адказе пішуць, з кім патрэбна, а з кім не патрэбна заключаць”.



Тым не менш у Гомельскім гарвыканкаме Еўрарадыё сцвярджаюць, што падаваць заяўку на масавае мерапрыемства неабходна “адным стосам” — разам з дамовамі на аказанне паслуг медыкамі ды праваахоўнымі органамі, найперш. Дзе праўда, цікавіцца Еўрарадыё ў былога дэпутата парламента Анатоля Глаза. Менавіта ён ўзначальваў камісію, якая працавала над законам “Аб масавых мерапрыемствах”.

Анатоль Глаз: “У законе гэта не прапісана — у якой паслядоўнасці хто павінен што рабіць”.

Дык што адбываецца ў Гомелі?

“Ёсць рашэнне гарвыканкама, якое з’ўяляецца нарматыўна-прававым актам, здаецца, 2008 года яно, там усё прапісана. У тым ліку і патрабаванне аб заключэнні дамоў з усімі гэтымі арганізацыямі”, — нарэшце прызнаюцца ў выканкаме.

Еўрарадыё: Але дамовы гэтыя неабходна заключаць да падачы заяўкі ў выканкам ці пасля таго? Ці падаваць усё неабходна разам?

Гарвыканкам: Паводле дзеючых правілаў — усе разам.

На пытанне, як быць у тым выпадку, калі пералічаныя ўстановы не пагаджаюцца заключаць дамовы без дазволу з выканкама, суразмоўца Еўрарадыё адказвае каротка: “Не ведаю”.

Але прызнаецца, што зараз гомельскія чыноўнікі рыхтуюць новы “нарматыўна-прававы акт”, які зменіць схему падачы заявак на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Праўда, пакуль гэтага дакумента ніхто не бачыў і што ў ім — невядома. У любым выпадку, скарыстацца ім мясцовыя левыя да 1 траўня наўрад ці паспеюць.

Фота: dengi.onliner.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі