“Гэта ўрадавы аб’ект і пабочным асобам уваход туды забаронены”

“Здымалі і ў інтэрнэт давалі не той дом, у якім нават я жыву. А ў гэты аб’ект — прыязджай, адпачывай, парся ў лазні, канешне, за грошы, але невялікія грошы”, — адказвае кіраўнік краіны на з’яўленне ў інтэрнэце відэа з нібыта яго новай рэзідэнцыі на беразе возера Паўночны Волас у заказніку “Міжазёрны”.


Паколькі возера Паўночны Волас лічыцца ўнікальным і лячэбным не менш за Мёртвае мора, а надвор’е спрыяе адпачынку на прыродзе, то карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў скарыстацца парадай кіраўніка краіны і замовіць адпачынак у “гэтым аб’екце”. Разам з пешай экскурсіяй па навакольных мясцінах.


Але як паведамілі Еўрарадыё ў турыстычным аддзеле Нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”, анансаванай на сайце чатырохкіламетровай прагулкі па мясцінах паміж “непаўторнымі па прыгажосці азёрамі Снуды і Волас Паўночны” больш не існуе.


Супрацоўнік турыстычнага аддзела: “У заказнік “Міжазёрны” шанцаў патрапіць няма. Тым больш, на пешаходную экскурсію. Зараз гэта — урадавы аб’ект і пабочным асобам уваход туды забаронены”.


Еўрарадыё: “А чаму вы тады з сайта не знялі інфармацыю пра гэтую экскурсію?”


Супрацоўнік турыстычнага аддзела: “Ну, а з сайце не знялі таму, што афіцыйна — гэта не ўрадавы аб’ект. А так — ужо нельга. Вы ж разумееце, што ўсё мусіць быць прыгожа: і ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя. А ў якасці кампенсацыі я магу параіць схадзіць на Экалагічную сцяжынку: Слабоцкая озавая града”. Там таксама вельмі прыгожае месца”.


І параіў не спрабаваць самастойна трапіць на бераг гэтага ўнікальнага возера.


Супрацоўнік турыстычнага аддзела: “Больш за тое, калі ўвесь гэты заказнік “Міжазёрны” не ачэплены, то, як найменш, у вас можа там здарыцца непрыемная сустрэча”.


Тым больш праблематычна скарыстацца парадай кіраўніка краіны і замовіць для адпачынку “аб’ект” на беразе Воласа Паўночнага.


Супрацоўнік турыстычнага аддзела: “На гэтым тыдні не раю рабіць вам такія замовы — не прыцягвайце да сябе лішняй увагі. А потым... Ну, а потым патэлефануйце нам — можа, і сапраўды мы атрымаем распараджэнне прымаць там турыстаў. Пакуль жа, апроч рэпартажу па тэлевізары, мы пра гэта нідзе не чулі — што можна некага іншага туды пускаць”.


Еўрарадыё зацікавілася, чаму менавіта на гэтым тыдні аматарам беларускай прыроды супрацоўнік Нацпарка раіць абыходзіць бокам заказнік “Міжазёрны”. Як высветлілася, зараз у тым месцы і ў тым самым “аб’екце” на беразе Паўночнага Воласа жыве “ўрадавая дэлегацыя”. І менавіта яе так пільна ахоўваюць. Між тым 20 ліпеня ў тым жа каментары наконт рэзідэнцыі на Браслаўшчыне Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Я там яшчэ не быў ні разу, толькі мяне крытыкуюць. Добры аб’ект, мы яго будзем развіваць, там трэба паставіць яшчэ дамоў 10-15”.


Еўрарадыё: “Прэзідэнт зараз наведвае іншыя мясціны. А хто ж тады там?”


Супрацоўнік турыстычнага аддзела: “Не, ён акурат-такі зараз там. Але адтуль здзяйсняе паездкі па іншых месцах”.


І на развітанне яшчэ раз па-чалавечы параіў не абіраць на гэтыя выходныя месцам свайго адпачынку заказнік “Міжазёрны”.

Вiдэа: ctv.by, ru.tsn.ua

Фота: dzerkach.photoclub.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі