Еўразона: Эканамісты прапануюць рэформы, але вырашаюць усё палітыкі

120906 Eurafokus.mp3

Міністр фінансаў Балгарыі Сімеон Дзянкоў адзначыў, што не бачыць пераваг ва ўступленні ў еўразону, а толькі выдаткі. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі нядаўна заявіў, што Польшча памяняе злоты на еўра, толькі калі Еўропа пераадолее крызіс.

Раіць не спяшацца са ўступленнем у еўразону і польскі эканаміст Роберт Гвяздоўскі.

Роберт Гвяздоўскі: “Я лічу, што мы мусім трымацца далей ад гэтай еўразоны, як можна далей, і як можна доўга. Калі паўставала еўра, Мільтан Фрыдман (амерыканскі эканаміст заўв. Еўрарадыё) казаў, што гэта валюта праіснуе 10 гадоў. І вось пасля 10 гадоў яна пачынае валіцца. Два-тры разы мы абавязаліся ўступіць у еўразону, але не падалі даты. Тым больш, што пасля 2008 года, пасля розных умяшальніцтваў, гэта ўжо не тая еўразона, у якую мы збіраліся ўступаць”.

Па словах польскага эксперта, “еўра засталося нядоўга”. Тым часам літоўская эканамістка Рута Вайнэнэ нагадвае, што Літва збіралася ўвайсці ў еўразону яшчэ ў 2007 годзе. Тады не атрымалася, і літоўцы былі засмучаныя згубленай магчымасцю. Затое цяпер радуюцца, і назіраюць за тым, што адбываецца ў еўразоне. Праўда, самі туды пакуль не спяшаюцца.

Рута Вайнэнэ: “Розныя эканамісты даюць свае прагнозы. Але еўра знаходзіцца ў руках палітыкаў, а не эканамістаў. Цэнтральны банк супраціўляецца дэвальвацыі еўра, але ёсць вялікі прэсінг з боку парламентаў паўднёвых краін, я маю на ўвазе Грэцыю, Італію, Іспанію”.

Сапраўды, эксперты маюць розныя меркаванні наконт эканамічных складанасцяў у Еўропе. Напрыклад, беларускі эканаміст Алесь Аляхновіч мае больш аптымістычныя прагнозы і лічыць, што Еўропа пераадолее свае праблемы за 3-4 гады.

Алесь Аляхновіч: “Размовы наконт праблем у ЕС, крыху перабольшаныя ў медыя. Для вялікіх краін, Германіі альбо Францыі, падзенне ў цане нават на карысць, бо яны могуць палепшыць баланс знешняга гандлю”.

Але астатнім еўрапейскім краінам сапраўды ёсць чаго баяцца. І нават Беларусі пагражае крызіс еўра.

“Калі ў ЕС узмацніцца эканамічны крызіс, то гэта проста адаб’ецца на экспарце беларускіх прадуктаў, бо попыт на іх скароціцца. Беларусь экспартуе даволі шмат на Захад, гэта амаль 50 адсоткаў усяго экспарту. І для людзей таксама, якія трымаюць свае зберажэнні ў еўра, пажадана, каб еўра быў стабільным”, — працягвае Алесь Аляхновіч.

Адзінае, у чым пагаджаюцца ўсе эксперты: еўрапейская эканоміка патрабуе рэформаў. І прапануюць лібералізаваць рынак працы, паменшыць падаткі і спыніць рэгуляванне бізнесу. 

Фота: ru.tsn.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі