Эксперт ЕБРР: СНД наўрад ці зможа істотна дапамагчы Мінску грашыма

Такое меркаванне выказаў галоўны эканаміст Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Эрык Берглоф. Заява прагучала 20 траўня ў Астане ў рамках штогадовага паседжання Рады кіраўнікоў ЕБРР.


Па словах Берглофа, якія перадае ІА "Навіны-Казахстан", ЕБРР уважліва назірае за тым, што адбываецца ў Беларусі. І банкірам відавочна, што нашай краіне спатрэбяцца істотныя сродкі з-за мяжы.  

На думку эксперта, Беларусі патрабуюцца прынцыповыя рэформы. Ён назваў ілюзорнай надзею, што ўліванне дадатковых сродкаў у эканоміку Беларусі зменіць яе фундаментальныя праблемы. 

"Трэба прынцыпова змяняць падыход да эканомікі і ўносіць змены ў палітычную сістэму. Там ёсць сур'ёзныя праблемы", - адзначыў галоўны эканаміст ЕБРР.