Джо Лін Цёрнер адобрыў новую працу Yellow Brick Road

Улічваючы "магічную" дату рэліза "Futuremental"12.12.12 – музыкі Yellow Brick Road вырашылі дапрацаваць альбом і ўключыць у яго яшчэ адну кампазіцыю. Такім чынам, трэці альбом Yellow Brick Road будзе складацца з 12 трэкаў. У гэты ж дзень альбом з’явіцца на паліцах музычных крамаў, а ў інтэрнэт музыкі выкладуць сінгл.

Між іншым, адмысловы цізер, які папярэднічае выхаду альбома, “дабраўся” не толькі да беларускіх фанаў гурта. Былы вакаліст гуртоў Deep Purple і Rainbow Joe Lynn Turner яго паглядзеў і даслаў Yellow Brick Road свой каментарый:

“THE TRAILER LOOKS COOL...DARK AND MYSTERIOUS...VERY POPULAR THESE DAYS..GOOD LUCK WITH IT!...I'M SURE THEY WILL DO WELL!..”

"Гэта яшчэ раз даказвае, што мы на верным шляху", — кажуць хлопцы і актыўна рыхтуюцца да прэзентацыі. І пласцінка, і яе канцэртная прэзентацыя мусяць адлюстраваць змены, якія адбыліся з гуртом у апошні час. Да імпрэзы музыкі рыхтуюць адмысловыя дэкарацыі і касцюмы.

"Я магу паабяцаць, што на канцэрце будуць дзікія рэчы! Але пра тое, як мы будзем выглядаць, я б прамаўчаў пакуль! — інтрыгуе лідар каманды Ян Максімовіч. — Усё будзе чароўна, як у сне! Гэта будзе вельмі цікавы атракцыён, непадобны на звычайны канцэрт! Усё, што будзе там адбывацца, хутчэй, нагадае нейкі перфоманс. Гэта звязана і з нашай музыкай, і з тым, у што мы трансфармаваліся, на якіх мы цяпер едзем рэйках".

Дарэчы, музыкі вырашылі зрабіць прыемны падарунак усім наведвальнікам канцэрта. Квітком на прэзентацыю пласцінкі стане куплены альбом “Futuremental”. Кошт пласцінкі — 20 тысяч рублёў. Канцэрт адбудзецца у 19.00 28 снежня ў клубе  Re:Public.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі