Дыскаграфія Apple Tea папоўніцца адразу двума новымі альбомамі

З нагоды свайго дваццацігадовага юбілею Apple Tea рыхтуюць да выдання адразу два дыскі. Першым з іх стане трыб’ют-альбом. Славутыя беларускія джазмэны чакаюць цікавых інтэрпрэтацый сваіх твораў, кажа бубнач гурта Аляксандр Сапега.

Аляксандр Сапега: “Мы зацікаўленыя ў тым, каб іншыя жанры ўдзельнічалі, не абавязкова, джаз. Таму што заўсёды цікава паглядзець збоку, як гэта можа прагучаць у року, у рэгі і т.д. Гэта вітаецца”.

Дзеля таго, каб аблегчыць жыццё музыкам, якія рызыкнулі зрабіць свае версіі складаных кампазіцый Apple Tea, кампазітар і лідар гурта Ігар Сацэвіч прапануе нават партытуры сваіх твораў. Па словах Сапегі, удзел у трыб’юце ўжо пацвердзіў гітарыст нямецкага гурта Rage Віктар Смольскі, таксама сваю руку да праекту прыкладуць музыкі з Украіны, Латвіі і Амерыкі.

Другі дыск, абяцае Аляксандр Сапега, мусіць уяўляць сабой шосты нумарны альбом гурта, запісаны цалкам нажыва. Абодва дыскі з’явяцца бліжэй да верасня і будуць прэзентаваныя на вялікіх канцэртах гурта, падчас аднаго з якіх на сцэну выйдуць удзельнікі трыб’ют-альбома Apple Tea.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі