Дэпутат Глаз: Не можа быць, каб суды настолькі няправільна тлумачылі закон!

Еўрарадыё: У Мінску журналістак Юлію Дарашкевіч і Ірыну Козлік прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за фотасесію з плюшавым мішкам. Ці чакалі вы, калі працавалі над законам “Аб масавых мерапрыемствах”, што яго могуць скарыстаць такім чынам?

Анатоль Глаз: Кожную справу, нават самую разумную, і самы разумны дакумент можна давесці да абсурду, калі тыя, хто яго выконвае, не разумеюць сутнасці дакумента. Я не чуў пра тое, пра што вы пытаецеся. Але калі гэта так ― я не лічу, што гэта правільна.

Еўрарадыё: Ці змяняе што-небудзь тое, што ў журналістак быў намер, выкласці фотаздымкі ў інтэрнэт? Як вам фармулёўка “пікетаванне шляхам фотаграфавання”, выкарыстаная ў пратаколе?

Анатоль Глаз: Нават суд адбыўся?

Еўрарадыё: Так, адбыўся суд, і іх прысудзілі да штрафаў.

Анатоль Глаз: Па-першае, тое, што яны хацелі здымкі выкласці, не робіць гонару самім журналісткам. Так, здарылася ў нашай краіне непрыемнасць з гэтымі мішкамі шведскімі. З яе трэба высновы рабіць ― тым, хто павінен іх рабіць. А смяяцца з таго, што адбываецца ў сваёй краіне, ― я гэта не ўхваляю, нават казаць прыкра. Але калі тое, што вы кажаце, праўда, дык на мой погляд… Ну, я ў самым пачатку сказаў.

Еўрарадыё: Усё ж такі трактоўка закона неналежная?

Анатоль Глаз: Але ж яны маюць права яе абскардзіць! Не можа быць, каб суды ў нас настолькі ўжо не разбіраліся, няправільна тлумачылі закон, каб падтрымаць гэта абвінавачанне. Кожны грамадзянін Беларусі мае права сфатаграфавацца нават са слупом, а не толькі з мішкамі.

Еўрарадыё: Давайце вернемся да закона. Азначэнне пікетавання там вельмі падрабязнае.

Анатоль Глаз: Ёсць трактоўка таго, што такое пікетаванне, і я яе добра памятаю.

Еўрарадыё: Відаць, журналісты ўжо набілі аскому вам з гэтым пікетаваннем.

Анатоль Глаз: Не, вы памыляецеся. Дык вось, пікетаванне ― гэта дзеянне. Чалавек павінен з мэтай, якую ён пераследуе, з плакатам ці лозунгам стаяць, ці пляскаць, ці яшчэ што. Але фатаграфаванне ― гэта не пікетаванне. А што за мішка ў іх там быў? Дзе ўзялі яго, з сабой прынеслі?

Еўрарадыё: Так, гэта быў адзін з мішак, якіх шведы скінулі на парашуце.

Анатоль Глаз: Дык сфатаграфаваліся б у сваёй кватэры, ды і змясцілі б у інтэрнэт! Ну чаго было ісці на вуліцу? Ай-яй-яй, дзіцячы садок. Але ж, напэўна, гэта дзве асобы не сталага ўзросту, а маладога?

Еўрарадыё: Гадоў па 25, недзе так.

Анатоль Глаз: Па 25 ― ужо мусілі б разумець. Але, не зважаючы ні на што, гэта не зусім пікетаванне ў тым класічным разуменні гэтага паняцця, якое ёсць у законе. Але ж я не суддзя, у дэталях магу быць не вельмі пэўны. Я думаю, што гэтым прысудам тыя, хто затрымліваў і судзіў, толькі зрабілі журналісткам большы аўтарытэт, не больш за тое.

Фота: інфармагенцтва "БелаПАН".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі