Да свайго 15-годдзя гурт Znich выдае альбом і едзе ў тур па Беларусі

110830 Malina Zni4.mp3

У гэтым годзе беларускі пэган-метал-гурт Znich святкуе сваё 15-годдзе. З гэтай нагоды музыкі падрыхтавалі да выдання новы альбом, з прэзентацыяй якога рушаць у тур па Беларусі. Дыск, які атрымаў назву "Мроя", мусіць з'явіцца ўжо ў кастрычніку. Складацца ён будзе з 11 песень, якія заўважна адрозніваюцца ад таго што было раней.

"Музыка вельмі складаная стала - прызнаецца лідар гурта Алесь Таболіч. - Яна і больш меладычная стала і адначасова эксперыментальная. Прысутнічаюць розныя накірункі, а не толькі пэган-метал. Будзе і фольк і брутальшчына, будуць і кораўскія рыфы... Карацей, вельмі рознабаковы альбом атрымаўся".

Беларускае выданне гурт Znich плануе зрабіць з вялікім прыгожым буклетам, афармленнем якога музыкі вырашылі даверыць Змітру Траяновічу, які стала працуе над дыскамі "Gods Tower". Бонусам да альбома стане кліп на загалоўную песню "Мроя", які быў прэзентаваны прыкладна год таму. Таксама цяпер Алесь думае дадаць да яго mp3 усіх папярэдніх альбомаў і выступ на СТВ-шным "Зорным Рынгу", але гэта пакуль толькі планы. Новы дыск Znich будзе выдадзены і на тэрыторыі Расіі, але ў выглядзе DV-пака.

Што ж тычыцца тура ў падтрымку альбома "Мроя", то пачнецца ён 13 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу.

Алесь Таболіч: "Першым у нас будзе міні-тур з гуртом Skyforger. 13 кастрычніка канцэрт у Піцеры, 14 кастрычніка ў Мінску, а 15-га ў Маскве. А пасля мы ўжо будзем ездзіць непасрэдна па Беларусі. Гэта Магілёў, Гомель, Віцебск, Брэст, пасля будуць Баранавічы, Маладзечна, Бабруйск і, магчыма, Полацк. Папярэднія дамоўленасці ўжо ёсць, але дакладных дат пакуль няма".

Калі ў планах не з'явіцца іншых гарадоў, то музыкі плануюць скончыць тур ужо да 10 лістапада. Мінскі канцэрт 14-га кастрычніка пройдзе ў былым клубе "Стэп", які хутка адкрыецца пад новай назвай "Re:Public". Квіткі на канцэрт каштуюць ад 65 000 да 85 000 на танцпол і 90 000 – за столік.

Фота: Яўген Ерчак для Another.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі