Ці можна лічыць нацыяналізм забытым генам беларусаў?

130311_eurafokus.mp3

8-10 сакавіка ў Варшаве адбылася міжнародная канферэнцыя "Бунт у імя свабоды — забыты ген беларусаў?"

“Назва была прыдумана, каб справакаваць. Тут хаваецца пэўная перадумова, што ў гісторыі і культуры Беларусі хаваюцца занядбаныя скарбы — надалей жывыя і актуальныя, але забытыя па некаторых прычынах, якія не дзейнічаюць. І трэба шляхам такога тыпу сустрэчаў пабудзіць да дзеяння гэтыя прызабытыя месцы”, — тлумачыць канцэпцыю адзін з арганізатараў мерапрыемства Пятро Рудкоўскі.

На адной з секцый удзельнікі канферэнцыі задаліся пытаннем: “Нацыяналізм: вораг ці хаўруснік грамадзянскай супольнасці?”

“Я б сказаў, што ў Беларусі — адназначна саюзнік. Звернем увагу на палітычных вязняў: там таксама большасць з іх нацыяналісты ці дзеячы грамадзянскай супольнасці. Альбо і тое, і тое ў адной асобе, як Алесь Бяляцкі”, — дзеліцца сваім меркаваннем Валер Булгакаў.

Эксперт лічыць, што беларускі нацыяналізм нельга лічыць забытым генам. Бо гэты самы нацыяналізм налічвае крыху больш за 100 гадоў. А Аляксей Ластоўскі з інстытута “Палітычная сфера” ўвогуле гаворыць пра перамогу нацыяналізму ў сучаснай Беларусі. Праўда, калі не браць стаўленне беларусаў да моўнага пытання ці гістарычнага мінулага, а гаварыць пра прыналежнасць да Рэспублікі Беларусь і адчуванне сябе грамадзянамі.

У той жа час, на думку Аляксея Ластоўскага, палітычныя эліты баяцца нацыяналізму, бо ўспрымаюць яго праз шаблоны, сфармаваныя ў савецкія часы. Прычым гэта тычыцца як апазіцыйных палітыкаў, так і кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксей Ластоўскі: “Яны (палітычная эліта - заўв.Еўрарадыё) баяцца нейкага радыкальнага нацыяналізму, які стаў клішэ яшчэ ў савецкія часы. І вось, напэўна, пазбыцца гэтага мыслення надзвычай складана. На мой погляд, ужо проста трэба спакойна ставіцца да самога гэтага слова, як і да зместу, які ў ім хаваецца”.

Карэспандэнт Еўрарадыё звярнуўся з пытаннем да Пэра Андэрса Рудлінга з Універсітэта ў Лундзе (Швецыя): ці можна назваць небяспечным беларускі нацыяналізм? На што швед адразу ж спаслаўся на Украіну, бо яго пужае, што там адбываецца.

Пэр Андэрс Рудлінг: “Ёсць фігуры Бандэры і Шухевіча, а таксама прысутнічае антысеміцкая лінія ў розных рухаў. Гэта від нацыяналізму, небяспечны ў адказных дэмакратыях. У Беларусі няма рухаў такога кшталту”.

Акрамя саміх дыскусій, на канферэнцыі ў Варшаве правялі грамадзянска-адукацыйны практыкум. Адкрываючы яго, каардынатар кампаніі “Будзьма!” Алена Макоўская, дарэчы, таксама не змагла абмінуць нацыянальнае пытанне.

Алена Макоўская: “Нам не хапае нашых нацыянальных герояў, якіх бы ведалі ўсе. Можа недастаткова асветленая роля асобы ў гісторыі Беларусі. Тыя перамогі, што мы маем, — у асноўным, гэта калектыўныя перамогі. Неабходна ствараць гэтыя маркёры нацыянальнага маркетынгу Беларусі ў свеце”.

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі