Ці могуць хрысціяне святкаваць Масленіцу?

“Калі паглядзець на ўсю нашу традыцыйную культуру, то ўсё вельмі шчыльна пераплялося. Язычніцкія святы з хрысціянскімі. Сёння шмат хто не можа ўявіць, што некалі гэтае свята было язычніцкім, а сёння стала хрысціянскім”, — расказвае Юлія Літвінава са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

На гутарку з этнографам натхніў надыход масленічнага тыдня ў праваслаўных вернікаў. Інфармацыйныя агенцтвы і газеты навіну аб гэтым багата праілюстравалі кадрамі са спальваннем саламяных пудзілаў, карагодамі вакол вогнішчаў, ды стопкамі бліноў, называючы іх салярнымі сімваламі. Не вельмі падобна на хрысціянскія традыцыі.

Праваслаўны святар Сергій Гардун расказвае, што Масленіцу насамрэч нельга назваць праваслаўным святам. А ў царкоўным календары ёсць паняцце “масленічнага тыдня”, які папярэднічае Вялікаму пасту і павінен прыцягнуць да яго ўвагу вернікаў.

“Масленіца — гэта пераходны перыяд. Ён патрэбны для таго, каб пост не надышоў для нас нечакана”.

У тым, што праваслаўныя вернікі штогод на пачатку сакавіка паляць саламяныя фігуры, гукаючы вясну, святар вялікага граху не бачыць. Пры ўмове, што ў гэтыя забавы не ўкладаецца містычны сэнс.

“Калі не ўкладаць у гэта ніякай містыкі, не звязваць з нейкім духоўным жыццём, то яно ўспрымаецца як забава. А забава, яна, у прынцыпе, бяскрыўдная”

Этнографы расказваюць, што ў Беларусі традыцыі святкавання Масленіцы не бяднейшыя, чым у суседняй Расіі. Адно што, ёсць свае адрозненні. Беларусы, напрыклад, маюць сваю, уласцівую толькі гэтаму святу, страву.

“Варылі тварог, збіралі яго, а потым залівалі маслам. І гэта ўсё стаяла, выстойвалася да Масленіцы. На Масленіцу гэтую страву елі, вельмі смачная была. Цяпер такога ўжо не робяць”.

Акрамя гэтага ў розных рэгіёнах краіны на Масленіцу было заведзена жартаваць з незамужніх і нежанатых. Хлопцам на шыю чаплялі калоды, якія трэба было насіць па вёсцы. А незамужніх дзяўчат каталі на санях, каб іх убачылі ўсе патэнцыйныя жаніхі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі