Чаргінец супраць Самбукі

Еўрарадыё: Мікалай Іванавіч, ці чулі Вы пра скандальны выступ порна-зоркі Каці Самбука ў адным з мінскіх клубах?

Чаргінец: Так, чуў.

Еўрарадыё: Як можаце пракаментаваць гэту падзею?


Чаргінец: На маю думку, такія канцэрты у любой краіне вядуць да дэградацыі грамадства. Я разумею: інтым двух людзей – гэта нармальнае, так бы мовіць, развіццё жыцця. Але калі ладзяцца вось такія патаскушныя нумары, калі дама імітуе ўсё, што заўгодна, што не павінна была нават блізка, то гэта выклікае не толькі пачуццё пратэсту, а проста пачуццё агіды ды нізасці нораваў асобных нашых дзеячаў культуры, калі можна іх так назваць.

Таму, канешне, вельмі непрыемна, што такую культуру спрабуюць укараніць і ў беларускае грамадства.

Еўрарадыё: Як дазволілі праводзіць такі канцэрт? Куды глядзела камісія па маральнасці?


Чаргінец: Я не магу вам нават адказаць, шчыра скажу. Мяне здзіўляе: калі гэта дазволілі, то, мабыць, трэба іх памяняць месцамі з гэтай зоркай. А калі проста прайшло міма вока пэўных структур, то трэба прымаць меры да арганізатараў. Мы такога не дазваляем.

Еўрарадыё: А якія задачы ў Савета па маральнасці?

Чаргінец: Савет па маральнасці ставіць задачы па ўкараненні духоўнасці ў жыццё людзей. Вось нядаўна мы разбіралі праблемы сям’і і школы.

Што тычыцца іх канцэрта, мы, канешне, не кантралюем і ўсяго не ведаем. У нас ёсць Савет па культуры і па папярэджанні гэтых парнаграфічных і іншых рэчаў. Але з імі, мабыць, таксама не ўзгаднялі. Нас насцярожвае тое, што пад відам свабоды асобы, свабоды слова часам спрабуюць пралезці вось такія шарлатаны.

Еўрарадыё: Якія дзеянні могуць быць прымененыя зараз?


Чаргінец: Па-першае, я чакаю, што скажуць нашы СМІ. Памятаеце выпадак з Rammstein?

Еўрарадыё: Натуральна.


Чаргінец: Уся апазіцыя ўстала на дыбы ў абарону Rammstein. Гэта нягледзячы на тое, што нават у Германіі іх спрабуюць трымаць падалей. У Амерыцы іх за такія рэчы пазнаёмілі з кратамі.

У нас апазіцыя стала ў абарону, нібыта гэта верх культуры. А дзяржаўныя СМІ сарамліва прамаўчалі. Таму паглядзім, што будзе далей.

Я думаю, што калі і на гэты раз прамаўчаць нашы СМІ, у першую чаргу СМІ, якія заўжды заклікаюць сябе паважаць і спрабуюць прыцягнуць да сябе ўвагу, то гэта будзе гаварыць пра многае. Зараз пачакаем рэакцыі.

Еўрарадыё: Каця Самбука, кажуць дазнаныя людзі, – вядомая порна-зорка, нічога іншага і не варта было чакаць ад яе шоў….


Чаргінец: Я вам скажу адкрыта: гэтую сучку я не ведаў і не чуў. Гэта я вам адказваю так, па-мужчынску, з нейкай нават крыўдай на тое, што ў нас знаходзяцца людзі, якія ведаюць яе і дапускаюць гэта.

З Rammstein крыху інакш. Нам проста прапанавалі паглядзець гэты канцэрт, запісаны на відэа ў Вене. І калі мы яго паглядзелі на Савеце па маральнасці, то нічога не забаранялі. Мы заклікалі арганізатараў разабрацца з праграмай, каб не дапусціць апаганення сцяга перамогі. І з улікам таго, што на канцэрце будуць дзеці, не дапусціць растлення гэтых дзяцей.

А пра гэты канцэрт мы нічога не ведалі, нас ніхто не інфармуе. Павінны несці адказнасць тыя, хто з аднаго боку арганізуе гэтыя канцэрты, а з іншага боку – хто павінен гэта кантраляваць з боку дзяржаўных органаў.

Еўрарадыё: Вы думаеце, што канцэрт быў зладжаны ўвогуле без дазволу ці нехта гэты дазвол усё ж такі даў? (На афішах Каці было сказана, што яна будзе выступаць, як спявачка – заўв.Еўрарадыё).

Чаргінец: Можа быць і тое, і другое. Пачакаем. Каментаваць я гатовы ў любы момант па выніках атрымання інфармацыі. Мне проста цікава, як атрымалася, што быў дадзены гэты так званы “пасцельны” канцэрт, які варты быць у адным пакоі, у адным ложку паміж двума нармальнымі людзьмі.

Еўрарадыё: Памятаю, у мінулы раз Вы хадзілі параіцца да міністра культуры.


Чаргінец: Не, тады прэса не мела рацыі. Я не стаў спрачацца. Мы звязаліся з міністрам культуры. Ён быў у ад’ездзе, прыехаў, мы звязаліся з ім па тэлефоне і я зразумеў, што ён такога ж меркавання, як і Савет па маральнасці.

Еўрарадыё: А ў гэты раз будзе звяртацца да яго за парадай?



Чаргінец: Я некалькі насцярожаны, скажу шчыра, пазіцыяй прэсы – і дзяржаўнай, і так званай свабоднай. Вось гэтага я буду зараз чакаць. Калі ж адны іх падтрымаюць, як было ў мінулы раз, і другія прамаўчаць, то чаго я буду да кагосьці хадзіць? Пагадзіцеся.

Еўрарадыё: Тады наступным разам прывязуць і не такое….


Чаргінец: Могуць прывезці. На Савеце па маральнасці мы, канешне, разгледзім гэтае пытанне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі