Чаму мяса ў крамах прадаецца па старых коштах?

З 17 траўня кошты на мяса павінны былі павялічыцца, і нашмат. Напярэдадні, 16 траўня, у крамах стаяць чэргі, людзі скупляюць таннае мяса. Паўсюль жа паведамляюць, што свініна даражэе на 35 працэнтаў! Значыць, самае таннае мяса павінна было каштаваць амаль 60 тысяч?!

Але праз тыдзень сацыяльная свініна як ляжала па 43 тысячы — так і ляжыць.

"43 тысячы яна каштуе, ніяк кошт за гэты час не змяніўся", — кажуць у краме "Белая Русь", дзе тыдзень таму Еўрарадыё фатаграфавала мяса па такім жа кошце.

"Гэтую мясную прадукцыю, на якую Мінэканомікі вызначае крайні максімальна дапушчальны кошт, у рознічны гандаль амаль не пастаўляюць. Гэта мяса пастаўляюць у дзіцячыя сады на кухні, у стабфонды закладаюць. А для гандлю пастаўляюць такую прадукцыю, адпускны кошт на які міністэрства не рэгулюе", — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінэканомікі.

Аказваецца, сацыяльнае мяса па 43 тысячы — зусім не сацыяльнае! У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Еўрарадыё кажуць, што калі б мяса, на якое падняліся кошты на 35%, прадавалі ў крамах, яно б каштавала... 28 тысяч рублёў! А да падаражання яно прадавалася садкам і школам...  за 18 тысяч!

"У перапрацоўцы гэта мяса было з рэнтабельнасцю –50 і больш. Таму трошкі падцягнулі. Яно патрэбнае для закладкі ў дзяржрэзерв і закрытыя ўстановы, як садкі, школы ды іншыя. Калі прадавалася ў краме, то каштавала б не больш за 30 тысяч".


Свініна па 43 тысячы ў кошце не змянілася. А танная яна, таму што таксама ёсць індэксы, вышэй за якія кошт уздымаць нельга, — тлумачаць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. 

"Таму што яно сацыяльнае, таму што рэспубліка сацыяльна накіраваная, таму што інфляцыю стрымліваем".

Дарэчы, у звычайнага сацыяльнага мяса рэнтабельнасць таксама ніжэй за нуль, у сярэднім –1,5 працэнта па краіне.

Фота: Еўрарадыё, holod.belarusinfo.by, economy.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі