Цэны адпусцілі, але пакуль толькі на паперы

Аказалася, што кошты пакуль не змяніліся ніяк.

"Нам яшчэ галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку не спусціла звесткі, таму мы пакуль нічога не ведаем", — растлумачыў Еўрарадыё Ігар, дырэктар кавярні "У Янкі".

Ва Упраўленні спажывецкага рынку Еўрарадыё патлумачылі, што лібералізацыя наступіць не адразу. Указ дзейнічае, але цяпер трэба прывесці ў адпаведнасць дакументы, якія рэгулююць працу грамадскага харчавання.

"У гэтым указе дадзены тэрмін на працягу 6 месяцаў прывесці ў адпаведнасць усе дакументы. За гэты перыяд мы падрыхтуем новую рэдакцыю рашэння выканкама, дзе будуць рэгулявацца цэны толькі ва ўстановах адукацыі. Выканкам ужо працуе над гэтым. Зразумела, ніхто чакаць 6 месяцаў не будзе, але пакуль ніякіх зменаў".

Як лібералізацыя адаб'ецца на кавярнях і наведвальніках? Гэтым Еўрарадыё пацікавілася ў рэстаратараў.

"Можам наўпрост гуляць у канкурэнцыю. І ведаючы, што у нашых канкурэнтаў у кавярні ў цэнтры стэйк ідзе па адным кошце, то канкурэнцыя будзе рэгуляваць яго цану. Мы выходзім на еўрапейскую сістэму", — кажа Усевалад, дырэктар "Французскага паба" на Камсамольскай.

І не факт, што лічбы ў меню зменшацца або павялічацца:

"Людзі, натуральна, разумеюць, што водпуск цэн значыць, што мы іх будзем павышаць. Не. Прадукты да нас прыходзяць па адным кошце, мы падлічваем нашы выдаткі і цэнавая палітыка не мяняецца. Як у нас стэйк на грылі каштаваў каля 39 тысяч, так і будзе. Проста будзе прасцей фармаваць цану".

Раней кошт стравы ў рэстаране фармаваўся з нацэнкі склада і нацэнкі рэстарана, якая залежыла ад нацэначнай катэгорыі. Цяпер нацэначныя катэгорыі знікнуць з кавярняў.

"Калі прадукцыя стала, мы зможам апусціць цану на яе і хутка распрадаць. Закупіць новае, тое, што лепш пойдзе. Мы тады будзем больш гнуткія і актыўныя", — распавёў дырэктар кавярні "У Янкі".

Раней, каб памяняць цану на стэйк, трэба было распрадаць усю партыю мяса, з якога ён робіцца, пасля завезці новую і ўсталяваць іншы кошт. Пры гэтым часта рэстараны бралі мяса даражэй, каб больш грошай наварыць з кожнага стэйка за кошт нацэнкі. Але наўрад ці цэны стануць ніжэй, пакуль не з'явіцца больш канкурэнцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі