"Будзьма" умясціла гісторыю Беларусі ў 5 хвілін (відэа)

Кампанія "Будзьма
беларусамі!"
выпусціла першы прафесійны мультфільм па гісторыі Беларусі.

Пяціхвілінны
анімацыйны фільм, выкананы ў сучаснай графіцы, распавядае пра гісторыю Беларусі
ад вытокаў і да 1991-га года. Рэкламіст Юлія Ляшкевіч, аніматар Юлія Рудзіцкая,
музыканты Лявон Вольскі і Аляксандр Памідораў разам з камандай кампаніі "Будзьма" у лёгкай і забаўляльнай форме ўвасобілі мінулае Беларусі.

Алена Макоўская і Севярын Квяткоўскі

 

Аляксандр Памідораў, Юлія Ляшкевіч, Лявон Вольскі

Праца над фільмам
вялася амаль год. Для яго стварэння былі абраныя самыя яскравыя гістрычныя
моманты. Але, вядома, шмат падзеяў усё ж засталося па-за кадрам. Таму галоўная
мэта праекта, тлумачыць рэдактр сайта www.budzma.org Севярын Квяткоўскі, абудзіць у
беларусаў цікаўнасць да сваіх каранёў і гісторыі.

"Гэта лепшае, што
я хачу ў выніку ад гэтага мульціка, –
працягвае думку Юля Ляшкевіч. – Каб людзі
пачалі задавацца пытаннямі і пісаць: "а дзе вось гэта? А вось чаму не ўключылі
такі гістарычны факт?" Мы вельмі добра разумелі, што ўсе ў нас не змесцяцца. І
насамрэч калі будуць узнікаць пытанні – гэта вельмі добра!"


Якім чынам
некалькі стагоддзяў атрымалася змясціць часам у 20-ці кадрах, а часам і ў трох
секундах, распавяла аніматар Юлія Рудзіцкая.

Юлія Ляшкевіч і Юлія Рудзіцкая

Юлія Рудзіцкая: "Мне была дадзена поўная творчая свабода, за што я вельмі ўдзячна "Будзьме".
Але з другога боку мне трэба было вельмі далікатна працаваць з гістрычным і
культурным матэрыялам. Усё гэта трэба было звязаць у нейкі цэласны
аудыё-візуальны анімацыйны твор, каб гэты фільм глядзеўся на адным
дыханні".  

Стваральнікі
відэа спадзяюцца, што фільм будзе цікавы нават тым, хто не цікавіцца гісторыяй.

Лявон Вольскі: "Мэтавая аўдыторыя гэтага фільма хацелася б каб была вельмі шырокай. Таму што
тое, што выкладаюць у школе, пачынаючы з савецкіх часоў і зараз – ну, я,
напрыклад, нічога не памятаю з таго, што я мусіў бы памятаць. Я хачу
падзякаваць гэтай ініцыятыве, таму што ўсе мы - стваральнікі гэтага фільма,
падцягнулі свае гістарычныя веды".


 

Ніна Шыдлоўская 

Фільм "Будзьма
беларусамі!"
разбурае стэрэатыпы: беларусы – не памяркоўныя, паслухмяныя і
цярплівыя, а смелыя, рашучыя і актыўныя! Такія вынікі "Будзьма" зрабіла
сыходзячы з аднаго з грамадскіх апытанняў, якое кампанія правяла ў 2009 годзе.

Севярын
Квяткоўскі:
"Пры апытанні людзі часта апісвалі "партрэт" беларуса, як
памяркоўнага і занадта церпялівага. А мы ж з вамі разумеем, што гэта ўсё не
так! Ці так толькі часткова! На гістрычных фактах мы аспрэчваем тое, што
беларусы – інэртная і памяркоўная нацыя"
.

Разам з фільмам быў
прэзентаваны і блог "Будзьма.TUT", дзе кожны жадаючы можа выказаць сваё
меркаванне наконт фільма, а таксама крытыку, заўвагі, задавальненне ці проста
падзякаваць яго стваральнікам. Да таго ж, у блогу можна паглядзець відэасюжэты
з беларускімі знакамітасцямі – Лявонам Вольскім, Уладзімірам Арловым, Андрэем
Курэйчыкам
, Святланай Бень ды іншымі – якія распавядаюць пра тую ці іншую
старонку гісторыі Беларусі простымі словамі і нават жэстамі.

"Гісторыя з
відэападкастамі для блога нарадзілася з нашага першага абмяркоўвання ідэі
стварэння фільма – так званыя "байкі ля кастра,"
– смяецца Юля Ляшкевіч. – Мы
проста распавядалі адно аднаму цікавыя гісторыі".

Пярліна праекту "Будзьма.TUT" - блог Усяслава Чарадзея, які славуты князь-ваўкалак вядзе ў нашыя дні, перакінуўшыся з арыстакрата XI стагоддзя у актывіста сацыяльных сетак XXIст. У планах "Будзьмы" - блогі іншых гістарычных асоб з магчымасцю для кожнага весці жыві часопіс ад імя нейкай гістарычнай персоны альбо яе сучасніка.

Мультфільм
заканчваецца 1991-м годам, калі Рэспубліка Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

Фраза, якой сканчваецца
мульцік "Хай кожны напіша ўласны працяг"- не выпадковая, - тлумачыць Юлія
Ляшкевіч
. Стваральнікі анімацыйнага фільма прпануюць усім жадаючым працягнуць
пісаць разам сцэнар для найноўшага часу Беларусі.

 

Юлія Ляшкевіч:
блоге будзе зроблены спецыяльны форум, дзякуючы якому кожны чалавек, які туды
зойдзе спампаваць ці паглядзець мульцік, зможа пакінуць свой працяг. Нам самім
вельмі цікава паглядзець, што людзі палічаць істотным і патрэбным зрабіць".

Анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі!" яе аўтары і стваральнікі прысвяцілі загінулым і пацярпелым
падчас тэракту ў мінскім метро 11-га красавіка.