Бензін у Беларусі стаў самым дарагім у СНД

Як падлічыла Еўрарадыё, пасля павышэння цэн на бензін ў Беларусі ён стаў
самым дарагім сярод 12 краінаў СНД.

Яшчэ ў красавіку мы былі на
чацвёртым месцы пасля Малдовы, Украіны і Арменіі, але цяпер мы абагналі і
гэтыя краіны.

Чарговы рост кошту бензіну “Белнафтахім” тлумачыць сусветным
падаражаннем нафты. Паводле словаў прэс-сакратара канцэрна Марыны Касцючэнкі, цана
бяспошліннай расійскай нафты для Беларусі ў перыяд з лютага па красавік
вырасла на 27,9%:

“Сусветныя каціроўкі павялічыліся. 27,9% — гэта вельмі сур’ёзная лічба. А
кошт расійскай нафты вызначаецца згодна з формулай, якая ўлічвае
сусветныя каціроўкі. Мы ж цэны павялічылі толькі на 6-8% у залежнасці ад
віду нафтапрадуктаў. То бок нават павелічэнне цэнаў не пакрывае
ўзрослых выдаткаў беларускіх прадпрыемстваў”.


“Я здымаю капялюш перад знаходлівасцю піяршчыкаў з “Белнафтахіму”
, ―
пракаментаваў такое тлумачэнне канцэрну эканаміст Сяргей Чалы. Ніякага
дачынення да сусветных коштаў на нафту падаражанне бензіну не мае,
лічыць эксперт:

“З пачатку года сусветная цана на нафту, у тым ліку расійскую,
знізілася. Але пры гэтым яна вагалася ў даволі шырокіх межах… І што
самае цікавае — атрымоўваецца, што ў гэтым прэс-рэлізе ніхто не схлусіў:
сапраўды яна з лютага па красавік вырасла на 27,9%. Іншая рэч, што
важна не тое, што сказалі, а тое, чаго не сказалі, — што ў цэлым за гэты
час яна знізілася”.

Бензін — тавар акцызны, ― тлумачыць эканаміст. Як мінімум 60% у яго цане
— так званы падатак на аўтамабілістаў, за кошт якога папаўняюць бюджэт.
Атрымліваецца, што без акцызу цана літра бензіну АІ-92 складзе 1150
рублёў! Раней частка грошай звыш сабекошту паліва ішла на рамонт
дарогаў. Цяпер дарожны фонд адменены. Куды ж ідзе рэшта?

Сяргей Чалы: “Фактычна гэта падатак на аўтамабілістаў. Насамрэч, ён
даволі справядлівы, бо здымаецца не з машыны, а з рэальнага карыстання —
хто больш ездзіў, той больш і заплаціў. Гэта спосаб павышэння бюджэтных
прыбыткаў. А што рабіць?
 
У нас у першыя месяцы гэтага года склалася даволі цяжкая сітуацыя з
напаўненнем бюджэту. У сітуацыі, калі патрабуецца павялічыць паступленні
ў бюджэт, трэба знаходзіць новыя крыніцы. Вось і вырашылі ўзяць тых,
хто адносна багацейшы за іншых людзей. Але ж як прыгожа схлусілі замест
таго, каб патлумачыць сапраўдную логіку… Гэта спосаб латаць дзірку,
нічога большага”.

Тым часам аўтамабілісты пратэстуюць супраць павышэння коштаў на паліва.
Яны арганізавалі акцыю “Стоп-бензін” і з 1-га па 4-га чэрвеня заклікаюць
пакінуць свае аўтамабілі на стаянках і ў гаражах, а самім ездзіць на
грамадскім транспарце або хадзіць пешшу.

“У Расіі літр дызпаліва каштуе 19 рублёў — гэта 1900 беларускіх рублёў.
Што такога ў нас адбылося, што цана на паліва дасягае 2580? Хаця яно на
парадак горшае…”
, — абураецца адміністратар сайта “Стоп-бензін”
Аляксандр. “Без дай прычыны трэці раз падымаецца цана на бензін. Нам жа ўжо
аб’явілі, што будзе танная венесуэльская нафта, ужо рыхтуецца 2-ая
партыя… Чаму тады растуць кошты на бензін? Незразумела.

Я асабіста гатовы плаціць за паліва дорага. Але, даруйце мне, забяспечце
мне гэты бензін, гэтае дызпаліва адпаведнай якасці. Можна зрабіць такі
маркетынгавы ход: бензін для багатых і бензін для бедных. Зрабіце бензін
дрэннай якасці за тысячу і бензін добрай якасці за пяць. Але дайце
права выбару”.

Ілюзіяў, што акцыя на штосьці паўплывае, у Аляксандра няма:

“Шчыра? Думаю, што не паўплывае, у чарговы раз ніхто не заўважыць і не
пачуе…”.