Беларусы зацікавіліся кароткаметражкамі

120228 Novik_Film-FEST.mp3

Еўрарадыё даведалася пра самую складаную для журы намінацыю і пра ўзнгароду для пераможцаў.

One Short Film Fest раздаў свае ўзнагароды. У жанры дакументальнага кіно перамог вострасацыяльны фільм Івана Куракевіча “Человек на земле" пра інваліда, што апякуецца галубамі. Кранальную карціну і добра выбранага персанажа ацанілі і журы, і гледачы. У жанры гульнявога кіно перамог Irrelative (Alexei de Bronhe). Як напісаў сам аўтар, гэта фільм пра абыякавасць і яе наступствы. Лепшым анімацыйным фільмам стаў добра вядомы "Будзьма беларусамi" Юліі Рудзіцкай. Ён дастаткова моладзевы і нетрывіяльны. Канкурэнтам у яго быў “Ледзянец” Генадзя Буто, распавяла Еўрарадыё адна з арганізатарак фэста Антаніна Серакова.

Антаніна Серакова: Тут быў сапраўдны напал жарсцяў у плане анімацыі, бо ішоў выбар паміж гэтымі фільмамі. Але ў рэшце рэшт чыста дзякуючы патрыятызму перамог фільм “Будзьма беларусамі”.

З маладых беларускіх рэжысёраў пераможцаў абірала журы, у якое ўвайшлі людзі, што даўно займаюцца кіно. Сярод іншых гэта гэта Альміра Усманава і Андрэй Горных, спецыялісты ў Film Studies, Максім Жбанкоў, адзін з арганізатараў колішніх паказаў фільмаў фармату 4Х4, сцэнарыст Андрэй Курэйчык ды іншыя, кажа Антаніна Серакова.

Намінацыю арт-хаўс судзіць было асабліва складана, кажа арганізатарка, але пасля доўгіх абмеркаванняў быў абраны фільм “Доброе утро, звездный свет”.

Рэжысёр фільма Фёдар Немцаў, што перамог у намінацыі арт-хаўс, адзначае, што фільм і задумваўся як тыповае фестывальнае кіно і ўжо заваёўваў узнагароды на лакальных конкурсах.

Фёдар Немцаў: Звычайна гэты фільм уражвае фестывальную публіку. У яго было ўкладзена шмат працы, наколькі гэта магчыма для малабюджэтнага фільма.

У конкурсе ўдзельнічалі толькі беларускія карціны, але гледачы змаглі пабачыць і замежныя стужкі.

Антаніна Серакова: У конкурснай частцы ўдзельнічалі толькі беларускія фільмы, бо нам важна развіваць беларускі кінематограф. Таму ўсе абмеркаванні адбываюцца тут і зараз, каб рэжысёры разумелі, куды ім рухацца. Фільмы небеларускіх рэжысёраў былі паказаныя па-за конкурсам. Мы зрабілі гэта спецыяльна для таго, каб нашы рэжысёры маглі разумець свой узровень і параўнаць сябе з рэжысёрамі іншых краін.

Арганізатары адзначаюць падвышэнне цікавасці да беларускага кіно. Гледачоў было столькі, што кіраўніцтву фэсту не хапала месца.

Антаніна Серакова: “Конкурсную праграму мы праводзілі ў кавярні Loft, яна была цалкам запоўненая. Калі праводзілі конкурс гульнявых фільмаў, я была вымушаная стаяць, бо людзі сядзелі на сілавых устаноўках, на барных стойках. Цікавасць да беларускага кіно ёсць, я б нават сказала, што попыт перавышае прапанову”.

Фільмы-пераможцы паедуць на міжнародныя фэсты. На думку арганізатараў фэста, гэта і ёсць найлепшая ўзнагарода. Да таго ж ужо вырашана, што расійскія фестывалі пакажуць беларускія фільмы ў конкурснай праграме, а вось за ўдзел у Манхэтэнскім фестывалі рэжысёрам давядзецца яшчэ пазмагацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі