Беларусы страхуюць катоў, сабак, свіней і нават пчол!

Застрахаваць ката ці сабаку можна на выпадак смерці або хваробы. Такая паслуга з'явілася летам 2010 года. Карыстаюцца ёй, як правіла, уладальнікі дарагіх элітных жывёл. Прычым часта звяртаюцца ўжо тыя, хто мае сумны вопыт і згубіў свайго гадаванца.


Калі ж ваш сабака парве некаму штаны ці пакусае, то ёсць страхоўка, якая пакрые і гэта.


Застрахаваць можна любую жывёлу: сабаку, ката, каня ці нават пчол. Гэта страхоўка грамадзянскай адказнасці — на выпадак, калі жывёла нанясе некаму шкоду. Няма і абмежаванняў па суме страхоўкі. Мінімальная каштуе 10 тысяч рублёў за год. Яна пакрывае шкоду ў 1 мільён рублёў, нанесеную на працягу года.


"У нас былі выпадкі, калі конь у гужавой павозцы спужаўся і нанёс шкоду аўтамабілю. І мы рабілі выплаты", — распавядаюць Еўрарадыё ў страхавой кампаніі.


Страхуюць жывёлу на час выставы ці калі пакідаюць знаёмым. Ёсць страхоўка жыцця свойскіх жывёл. У аграрнай Беларусі гэта найбольш папулярны від страхавання, распавядаюць агенты. Некаторыя страхуюць і пчол.


А хатняга ката ці сабаку можна застрахаваць, толькі калі ў іх ёсць дакументы — радавод ці сертыфікат аб паходжанні.


Ката з дакументамі страхуюць на суму рынкавага кошту. Коцік, які адлежвае бакі дома, каштуе менш за ўдзельніка і пераможцу выставаў.


"Падыход да кожнай жывёлы індывідуальны, мы глядзім дыпломы і перамогі".


Таксама залежыць і ўзрост — у маладой жывёлы да года рызыка больш, даражэй будзе страхоўка коціка ці сабачкі ва ўзросце.


"Пародзістых можна страхаваць не толькі ад гібелі, страты ці знішчэння, але і на выпадак ветэрынарных выдаткаў".


Застрахаваць дварнягу ці звычайнага ката не атрымаецца. Па-першае, іх раздаюць бясплатна — а значыць, і шкоды ў выпадку страты няма.


"Прапаноўвалі зрабіць, як за мяжой — вызначыць нейкую мінімальную суму для дварняжак і катоў звычайных. Але... ёсць людзі, якія бяруць жывёл на Гурскага, і яны праз тыдзень зноў туды трапляюць. І калі гэты кругазварот будзе падтрымліваць страхавая кампанія... Колькі выпадкаў на Захадзе, калі спецыяльна мораць гэтых бедных жывёлаў, каб атрымаць страхоўку".


Самая дарагая страхоўка — на тысячу еўра з ветпаслугамі — будзе каштаваць 112 еўра за год.


Напрыклад, кот захварэў ці патрапіў пад машыну — лячэнне пакрые страхоўка, але ў межах 350 еўра за год. Калі кот загіне, гаспадар атрымае тысячу еўра.


"Але гэта базавы "голы" тарыф. Звычайна мы так не робім. У нас ёсць зніжкі для пастаянных кліентаў. Ці бонусы за бясшкоднае страхаванне", — расказваюць Еўрарадыё ў "Белдзяржстраху".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі