Беларусы сталі болей есці мяса — на 400 грамаў

130319_savich_zhyccio.mp3

Рост даходаў беларусаў за год перавысіў прагнозы ў сем (!) разоў. Даходы насельніцтва Белстат называе адным з галоўных крытэрыяў дабрабыту.

"Рэальныя даходы павялічыліся на 21% у параўнанні з 2011 годам", — кажа начальнік Упраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і даследавання хатніх гаспадарак Белстата Іна Канашонак. Рэальны заробак — гэта заробак з карэкцыяй на спажывецкія кошты.

Ацэньваць дабрабыт беларусаў нельга без пенсіянераў, бо чвэрць насельніцтва, ці 2,5 мільёна беларусаў, атрымліваюць пенсіі. 

"Пенсія вырасла на 64% і павышалася за год чатыры разы! Сярэдні памер пенсіі за 2012 год склаў 1,8 мільёна рублёў", — аптымістычна адзначае Іна Канашонак. Чвэрць насельніцтва жыве на 220 долараў у месяц, але пенсія падвышаецца ж чатыры разы.

Да таго ж, за год у беларусаў стала больш камп'ютараў, тэлевізараў і мікрахвалёвак. Камп'ютары мы набываем часцей за тэлевізары. Пры гэтым беларусы сталі больш выдаткоўваць на спажывецкія тавары — 1,5 мільёна рублёў у месяц на чалавека (у 2011 годзе было на 150 тысяч рублёў менш).  Вось толькі склад пакупак амаль не змяніўся: 43% выдаткаў ідзе на харчаванне, 2,6% — на алкаголь, 37% — на неспажывецкія тавары.

"Гэта абумоўлена як падвышэннем коштаў, так і падвышэннем спажывання прадуктаў. Да прыкладу, беларусы сталі болей есці мяса, рыбы, ягад і садавіны", — кажа Белстат.

Супрацоўнікі Белстата, якія вылічваюць дабрабыт беларусаў, на прапанову Еўрарадыё ацаніць свой асабісты ўзровень жыцця адказу не маюць:

"Вы ў мяне пытаецеся? Я не вяду такой статыстыкі — мне яе на працы хапае. Але я не заўважаю нейкіх асаблівых зменаў. Калі мне трэба нешта купіць, я куплю. Няхай адкладу гэтую пакупку, але куплю", — гаворыць начальнік Упраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і даследавання хатніх гаспадарак Белстата. 

Гэтае ж пытанне для простых мінчукоў — хворая тэма:

"У горшы бок! Вы ведаеце, у каго палепшыўся — у чыноўнікаў з чырвонымі гальштукамі. Малако — кожны дзень новыя кошты, сыркі — новыя кошты, кватэрнае пытанне не вырашана, бо растуць кошты. Я на пенсіі — і я працую! І сын працуе, каб грошы трошкі сабраць. А вы кажаце пра падвышэнне ўзроўню? У каго?".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі