Беларускі валейбаліст зборнай Польшчы будзе выступаць за Беларусь

Хоць трэнер зборнай Польшчы Андрэа Анастазі хацеў бы бачыць у складзе беларуса з польскім пашпартам, але выкарыстоўваць Ахрэма ў сваёй камандзе ён не зможа. Прычына — халатнасць Польскай валейбольнай федэрацыі, якая не падала адпаведную заяву ў Міжнародную федэрацыю валейбола. У выніку беларус збіраецца выступаць за зборную Беларусі, паведамляе “Przegląd Sportowy”.

"Я хацеў гуляць у зборнай Польшчы, але не атрымаў ніякай падтрымкі з боку Польскай федэрацыі валейбола. Два гады назад федэрацыяй не былі выкананы неабходныя фармальнасці, а зараз ужо позна. Я не буду гуляць у польскай зборнай і вярнуся ў зборную Беларусі", — паведаміў Алег Ахрэм.

Нагадаем, Ахрэм атрымаў польскае грамадзянства яшчэ ў 2011 годзе. Палякі спадзяваліся, што праз два гады беларус зможа гуляць у зборнай Польшчы. Гулец, які змяніў грамадзянства, прапускае два гады. Прычым увесь гэты час ён павінен жыць у краіне, чыю зборную збіраецца прадстаўляць у далейшым.

Гэтыя ўмовы былі беларусам выкананы. Аднак Польская федэрацыя валейбола не надала гэтаму пытанню належнай увагі. Не была пададзена адпаведная заява ў Міжнародную федэрацыю валейбола, Беларускай федэрацыі не была выплачана кампенсацыя ў памеры 15 тысяч еўра.

Фота — Edytor.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі