Беларускі пармезан выспявае ў 9 разоў хутчэй за італьянскі

120627 Martin Parmezan.mp3

Беларускія сыраробы дзякуючы “шматгадоваму досведу працы і
творчаму падыходу” выпускаюць беларускі аналаг італьянскага сыру. І не
засмучаюцца....

“Вядома, мы запазычылі ад класічнага пармезана. Мы робім з
беларускай сыравіны. Але кампаненты набліжаныя да тых, якія ідуць у сапраўдны
пармезан. І спее ён у нас не тры гады, а тры месяцы”
, - на Верхнядзвінскім
масласыразаводзе
расказваюць Еўрарадыё пра “Пармезан класічны”.

Абяцаюць, што беларускі сыр пахне, як італьянскі, падобна
да… шкарпэтак.

“Дадаецца пэўны фермент – ліпаза. Як кажуць, пах нямытых
шкарпэтак. Калі б мы назвалі яго проста пармезан, былі б праблемы. А так
“Пармезан класічны” – зусім іншы від сыра"
, - супакойваюць на Верхнядзвінскім
заводзе.


СААА “Белавежскія сыры” робіць ажно два віды пармезана:
“Белавежскі” і “Малады”, які “лягчэй рэжацца”. І раяць запіваць гэтыя сыры...
белым віном.

“У нас ёсць “Пармезан малады”, які спее 60 сутак. І іншы –
“Белавежскі”, які ўтрымліваецца 180 сутак”. Саспеў ён, ці не - не правяраюць.
Проста вытрымліваецца патрэбны тэрмін і ўсё",
- расказваюць на фабрыцы.

Італьянскі сыр на саспяванне правяраюць адмысловымі
малаточкамі. Мінімальны тэрмін саспявання - 1,5 гады, у 9 разоў больш, чым у сыра “Пармезан малады”. А  беларускі “Пармезан Голд” правярае дэгустатар.

“Мы ж не можам заняць іх брэнд. У нас тэрмін саспявання – 90
сутак. Але, зразумела, ён адрозніваецца, ад таго пармезана. У нас ёсць нават
спецыяльны дэгустатар. Яе густавыя успрыняцці адпавядаюць міжнародным
стандартам”
, - расказваюць на Слуцкім сыраробным камбінаце.


Але, як высвятляе Еўрарадыё, “спецыяльны дэгустатар” ні разу
не каштавала італьянскі пармезан!

“Летась ездзіла на спецыяльныя курсы ў Угліч, там былі
двухтыднёвыя курсы дэгустатараў. А сапраўдны “Пармезан” ніколі не каштавала”
, -
прызнае дэгустатарка Наталля.

У краме “Васількі” ніводнага з беларускіх “Пармезанаў” няма.
Толькі італьянскі “Грана Падано” па 345 тысяч за кілаграм.

Італьянскі пармезан па 345 тысяч.

Беларускі аналаг ад СААА “Белавежскія сыры” у
3,5 разы таннейшы – 98 тысяч за кілаграм.

Фота: vkusitaly.com