“Беларусьфільм” будзе "прапагандаваць" размеркаванне студэнтаў у вёску

“Беларусьфільм” плануе зняць новую рамантычную камедыю пра выпускніцу каледжа, якую размеркавалі на працу ў вёску. Здымкі фільма пад назвай “Дотык” пачнуцца ўжо ў траўні і працягнуцца да канца лета. У карціне моладзі пастараюцца паказаць станоўчыя бакі працы ў сельскай мясцовасці. А сама назва фільма сімвалізуе менавіта сутыкненне гарадскога жыхара з новым вясковым жыццём, паведаміла Еўрарадыё рэдактар фільма Марыя Савельева.

Марыя Савельева: “Пытанне гэтае вельмі актуальнае. Маладых спецыялістаў, нават мінчукоў, адпраўляюць у розныя далёкія месцы супраць іх волі нават. Мы хочам паказаць, што гэта не так і страшна, там таксама вельмі цікавыя людзі і, магчыма, менавіта там ёсць тое, што больш нідзе і не знойдзеш”.

Галоўным рэжысёрам фільма будзе Віталь Дудзін, знаёмы гледачам па драме “Кадэт” ці карціне “Тры жанчыны і мужчына”. А вось аўтарам ідэі фільма стаў Зміцер Якутовіч, аўтар сцэнараў для мультфільмаў (напрыклад, “Аповесць мінулых гадоў”).

Паводле сюжэту галоўная гераіня Каця, выпускніца гандлёвага каледжа, трапляе ў вёску і ўладкоўваецца на працу ў аўталаўцы. Адсюль і першая назва фільма — “Аўталаўка”, якая не спадабалася рэдактарам, даведалася Еўрарадыё ад сцэнарыста Зміцера Якутовіча.

Зміцер Якутовіч: “Дотык” — гэта ўжо другая назва, а першая была “Аўталаўка”. Але яна неяк не прыжылася, рэдактура палічыла, што яна раздражняе, кіраўніцтву можа не спадабацца. Таму перайменавалі. Ну, рамантычна, так, але не зусім дакладна. Мне больш падабаецца “Аўталаўка”.

Аўталаўка ўяўляе сабой звычайную машыну, што развозіць прадукты па маленькіх вёсках, у якіх не будавалі крам. Менавіта з кіроўцам лаўкі Пятровічам ў выпускніцы каледжа Каці і разгортваюцца рамантычныя адносіны. Паводле ўсіх законах жанру паміж імі не ўсё ідзе адразу гладка, героі спрачаюцца, а напрыканцы нават сварацца — і Каця вяртаецца ў Мінск, а Пятровіч пачынае працаваць дальнабойшчыкам. Аднак героі ўсё ж вырашаюць, што не могуць жыць адно без аднаго і без сваёй вясковай аўталаўкі, таму вырашаюць вярнуцца.

Хто сыграе Кацю і Пятровіча, пакуль невядома: рэжысёр Віталь Дудзін яшчэ не знайшоў адпаведныя кандыдатуры. Таму паўдзельнічаць у кастынгах, якія адбудуцца ўжо ў сакавіку, можа кожны жадаючы. А вось некаторыя ролі другога плану, згодна са словамі рэдактара Марыі Савельевай, ужо зарэзерваваныя для сапраўдных жыхароў невялікіх гарадоў і вёсак.

Марыя Савельева: “Будуць прататыпы ў жыхароў вёсак, каб яны былі такія каларытныя людзі, цікавыя. Наш рэжысёр ездзіць па розных вёсках, розных мясцінах Беларусі і падглядвае такіх людзей, такія персанажы, бярэ ў іх нумары тэлефонаў, каб потым зняць у карціне”.

Ніякіх спецэфектаў у фільме не будзе, таму і бюджэт, кажа Марыя Савельева, вельмі малы. Замест спецэфектаў сцэнарысты і рэжысёры збіраюцца забаўляць гледачоў жартамі. Новай карцінай Зміцер Якутовіч хоча разбурыць стэрэатып “Беларусьфільма” як месца, дзе здымаюць “цяганіну”.

Зміцер Якутовіч: “Я хацеў бы, каб гэта была такая меладрама, але з элементамі камедыі. Каб гэта не была сур’ёзная гісторыя кахання, а каб гэта было смешна. Вось як французы гэта робяць, мне вельмі падабаецца”.

Здымаць меладраму з элементамі камедыі будуць у Смалявічах ці ў Лагойску, а яе прэм’ера, па словах рэдакцыі, адбудзецца ў студзені наступнага года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі