Бацьку пацярпелай ад тэракту прызналі бессвядомым, але трымаюць у турме

Бацьку пацярпелай ад тэракту ў Мінску Інэсы Крутой, якога затрымалі за хуліганства, прызналі бессвядомым. Аляксандр Крутой знаходзіцца пад вартай ужо 2 месяцы. Цяпер – у жодзінскім СІЗА. Па словах дачкі, псіхалагічная экспертыза, якая паставіла дыягназ Крутому, скончылася 25 кастрычніка. Прад’явіць абвінавачанне бессвядомаму нельга, таму, на думку Інэсы, яе бацька знаходзіцца ў СІЗА незаконна.


“Такім чынам з 25 кастрычніка мой бацька знаходзіцца пад вартай незаконна, – мяркуе жанчына. – Мне вядома, што ён не прымае удзел у следчых дзеяннях, паколькі так вырашыў следчы. Аднак мне не вядома, на якіх падставах, бо экспертыза не ўстанавіла, што ён не можа прымаць удзелу ў следчых дзеяннях”.


Адвакат Крутога два разы абскарджваў яго ўтрыманне пад вартай, але суд Маскоўскага раёна і гарадскі суд адмовілі. На абодвух пасяджэннях Аляксандр не прысутнічаў. Па словах дачкі Аляксандра Крутога, абвінавачанне засталося тым самым – хуліганства: абліў урача паліклінікі мачой.


"Узнікае пытанне, ці з'яўляюцца гэтыя дзеянні крымінальным злачынствам і якая неабходнасць за гэта трымаць у ізалятары, тым больш ён не ад каго не хаваўся, а наадварот неадначасова публічна выказваўся ў судзе па тэракце. Атрымоўваецца такі нюанс, яны яго затрымалі 20 верасня ,таму што ён знаходзіўся ў вышуку, але вышук пачалі толькі на мінулым тыдні. У мінулую пятніцу ў 8 вечара прыйшлі і сказалі, што яго шукаюць з-за таго, што ён выліў на ўрача 2 банкі мачы. Я кажу: А вас не засмучае, што ён ужо па гэтай справе сядзіць столькі часу?"


Па словах дачкі, лісты ад Аляксандра Крутога даходзяць, але ён атрымаў першы ліст 4 лістапада. Наколькі вядома Інэсе, неўзабаве будзе судовае разбіральніцтва, на якім вырашыцца пытанне аб прымусовым лячэнні.


Нагадаем, Аляксандр Крутой быў прадстаўніком сваёй дачкі, пацярпелай ад тэракту ў Мінску. На судзе ён часта выказваўся і спрабаваў заяўляць хадайніцтвы. У прыватнасці, ён патрабаваў увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі