Амерыканцы спелі песню-прысвячэнне Мулявіну (Відэа)

Амерыкана-беларускі гурт Wicked Monkey запісаў кавер на "песняроўскую" "Вологду", які прысвяціў памяці Ўладзіміра Мулявіна. У склад гэтага калектыву ўваходзіць экс-гітарыст вядомых у савецкія часы гуртоў "Золотая середина", "Апрель", "Кольцо" Юрый Мікалаеў, які сябраваў з лідарам "Песняроў". Першапачаткова планавалася, што выконваць песню будзе Анатоль Кашапараў, які спявае “Вологду” ў арыгінале і таксама жыве ў Амерыцы, але па розных прычынах гэтага не атрымалася.

Кліп на "Вологду" ў выкананні Wicked Monkey на youtube ужо паглядзела больш за чатыры з паловай тысячы чалавек. Прычым, як сцвярджае прадстаўнік калектыву ў Беларусі Андрэй Казлоўскі, пакуль цікавіліся каверам "Вологды" ў асноўным музыкі савецкіх часоў, якія вельмі станоўча ўспрынялі новае гучанне "Песняроўскага" хіта.


"Напрыклад, Дайнэка паглядзеў, Магілеўскі з "Самоцветов". З Валерыем Дайнэкам зараз плануецца рабіць сумесны праект. Яны ўжо вызначыліся, зараз будуць працаваць над песняй. Але праекты чакаюцца не толькі з беларусамі, з расіянамі таксама будуць".


Дарэчы Wicked Monkey выказалі моцнае жаданне выступіць на сёлятнім "Славянскім Базары", праўда, пакуль не вядома, ці атрымаецца, бо праграма фестывалю ўжо складзеная, і не факт, што для іх знойдзецца час.

Пра ўдзельнікаў гурта Wicked Monkey:

Юрый Мікалаеў - гітарыст, кампазітар, вакаліст, нарадзіўся ў Беларусі, дзе скончыў музычную школу па класе акардэона. Граць на гітары і фартэпіяна навучыўся сам. Граў у некалькіх вядомых гуртах: "Апрель", "Кольцо", "Золотaя Серединa". Пераехаў у ЗША ў 1991 годзе, дзе пазнаёміўся з Джымі і DJ-ем. Так з'явіўся беларуска-амерыканскі праект Wicked Monkey. Таксама Юрый быў ініцыятарам стварэння радыёперадачы "Амерыканскі Гараж" і тэле-шоў "Без Межаў".

Джымі Вілгас (Jimmy Wilgus) - кампазітар, вакаліст, бубнач, клавішнік. Калі яму было 12 год пачаў вывучаць барабаны з вялікім джазістам Джо Марэла (Joe Morello).

Дарэл "DJ" Паўэл (Darrel “DJ” Powell) - кампазітар, вакаліст, клавішнік, бас-гітарыст. Па паходжанні індзеец Чырокі. На бас-гітары і фартэпіяна навучыся граць самастойна ў дзяцінстве. Калі заканчваў школу, ўжо гастраляваў па ЗША са сваім гуртом Black Jellybean.

"Апрель", "Кольцо"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі