Лукашэнка: Я зэканоміў на куплі самалёта
15 студзеня кіраўнік дзяржавы ў Нацыянальнай бібліятэцы правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. Яна доўжылася 5 гадзінаў.
У Лукашэнкі папрасілі назваць сабе канкурэнта на выбары
Аднак кіраўнік Беларусі не бачыць сабе канкурэнта сярод апазіцыйных лідараў.
"Што датычыць так званых апазіцыйных кандыдатаў, то я не хачу бачыць іх ні на якіх пасадах у Беларусі. Як беларус", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі.
"Добры ці кепскі Лукашэнка, але ён прэзідэнт. Крытыкуйце, але не на шкоду Беларусі... Вось як было гэта ў выпадку з растваральнікамі... Прыйдзіце да мяне — я раскажу, як там было!"
Лукашэнка расказаў, калі будзе малы памежны рух з Польшчай
Па яго словах, гэты рух будзе адкрыты адначасова з беларуска-літоўскім малым памежным рухам.
Кіраўнік Беларусі кажа, што афіцыйны Мінск мае шэраг пытанняў да Варшавы — і палітычныя, і эканамічныя. "Я не буду дэталізаваць. Гэта цэлы букет".
Журналістка РАР спыталася, ці будзе Беларусь адзначаць 150-годдзе паўстання Каліноўскага разам з Польшчай. "Я пра такія мерапрыемствы не чуў. калі будуць прапановы і не ўразрэз з нашай палітыкай, то мы не супраць", — заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка хоча забіраць аўто ў п'яных кіроўцаў
Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі.
"Да алкашоў трэба прымаць сур'ёзныя меры, калі яны сядаюць п'яныя за руль. Стала горш, чым у савецкі час. Але аб'ектыўна, што кожны другі мае машыну".
"Калі ты ў п'яным выглядзе забіў чалавека, ты ніколі не павінен сесці за руль. Ты павінен быць пазбаўлены гэтай зброі. Але гэта маё меркаванне".
"Але ёсць і іншы бок пытання — паглядзіце на гэтых пешаходаў..." Па яго словах, людзі бегаюць нават праз Мінскую кальцавую аўтадарогу.
Дзяржава не адмовіцца ад "Беларуськалія"
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у адказ на пытанне агенцтва Блумберг.
"Кошт вызначаны — калі ласка. Але кантрольны пакет у кожным разе застанецца ў дзяржавы", — паведаміў кіраўнік Беларусі.
Кіраўнік Беларусі лічыць, што дзяржава абавязаная мець свае СМІ
Пра гэта ён заявіў у адказ на пытанне Алены Малочкі, журналісткі газеты "Народная Воля".
Яна спыталася, ці не варта заміж стварэння газетнага холдынгу адпусціць выданні з дзяржавы.
Лукашэнка" "Калі б газеты раздзяржавіліся, я быў бы "за". Але думаю, у любой краіне ёсць дзяржаўная прэса — у розным аб'ёме, розным накладам".
"Няправільна казаць, што ў нас зацінутыя СМІ. Каб гуляць у гэтым сектары нейкую ролю, мы павінны мець дзяржаўныя СМІ".
"Галоўны ініцыятар стварэння холдынгу — галоўны рэдактар СБ Павел Якубовіч. Хай ён вам раскажа".
Лукашэнка заяўляе, што Халіп не хоча з'язджаць з краіны
Пытанне задала Таццяна Каравянкова з БелаПАН.
Яна нагадала заяву кіраўніка краіны брытанскім журналістам: Ірына Халіп вольная і можа з'язджаць з Беларусі калі хоча.
"Халіп адмовілася ехаць. Тут яна пакутніца, а там, у Вялікабрытаніі, яна будзе нікому не патрэбная, як і яе цяперашні муж", — заявіў Лукашэнка.
Таксама журналістка спыталася пра апошнія гучныя справы, звязаныя з міліцыяй — напрыклад, справу вартаўніка аўтастаянкі Васіля Сарочыка.
"Калі чалавек удзельнік масавых беспарадкаў, то ім ніякага паслаблення не будзе", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Журналістка ўдакладніла: "Калі чалавек учыніў злачынства, то з ім можна абыходзіцца як з жывёлай?" І пачудла ў адказ: "Навошта — як з жывёлай? Жывёлы ў чым вінаватыя. З імі трэба абыходзіцца добра".
Журналіст Еўрарадыё перадаў "чорны спіс музыкаў" Радзькову
Гэта адбылося пасля пытання на адрас кіраўніка краіны.
Пытанне пра "чорныя спісы" музыкаў задаў галоўны рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк: "Магчыма, гэта прымаецца на ўзроўні дробных чыноўнікаў, і прэзідэнт пра іх не ведае?"
Лукашэнка даручыў Аляксандру Радзькову, наесніку кіраўніка Адміністрацыі, разабрацца з "чорнымі спісамі".
Лукашэнка лятае на "бэушным" самалёце
Радыё Свабода, Алесь Дашчынскі: Ці пакажа кіраўнік прыклад у Год беражлівасці: адмовіцца ад "Майбаха", самалёта, вялікай аховы? Ці запросіце журналістаў у сваю рэзідэнцыю?
Лукашэнка заявіў: "Намеру запрасіць журналістаў ня маю, але калі вы просіце — на здароўе. Я жыву ў рэзідэнцыі, якую пабудаваў Пётр Міронавіч Машэраў".
"Калі б вы пабачылі рэзідэнцыі, у якіх жывуць расійскі і ўкраінскія кіраўнікі, то сказалі б: Лукашэнка, перасяляйся!"
"У прэзідэнта самалёт 3-5 гадоў — і яго мяняюць! А ў мяне самалёт дагэтуль лятае, а я хутка буду прэзідэнтам 20 гадоў. У мяне самалёт "бэушны", я на ім зэканоміў".
"Гадзіннік дарагі мне падарылі на дзень нараджэння... Прэзідэнт — гэта стандарт, гэта ваш твар! Для мяне найлепшая вопратка — спартовая. А гадзіннік я дома не нашу, начапляю толькі на публіку. "Майбах" мне падарылі на дзень нараджэння, і я яго аддаў дзяржаве. Гэта прэзідэнцкі аўтамабіль, які дзяржаве дастаўся бясплатна. Я магу яго прадаць, але вы яго купіце? Не? Тады называйце кандыдатуру! Хто яго купіць? Акрамя кіраўніка дзяржавы ён нікому не патрэбны".
"Самалёт каштаваў менш за 100 мільёнаў. А новы самалёт каштуе 250-300 мільёнаў. Так што гэта выгадна".
Я амаль прафесійны футбаліст
МДТРК "Мір" спыталася пра тое, ці застаецца час на музыку і захапленні ў вольны час.
Часу на музыку няма. "Але калі я іду міма і ўбачу баян — то не стрымаюся. Але пальцы ўжо звыкліся толькі клюшку трымаць", — кажа Лукашэнка.
"Па сваёй прафесіі я амаль прафесійны футбаліст... За час прэзідэнцтва я навучыўся бегаць на лыжах, на роліках, гуляць у хакей. Гэта прэзідэнцкія мае набыткі. А на музыку часу не стае... Я ўжо не музыкант!"
Трэба знайсці мільярд долараў
Пытанне Яўгена Канановіча з "Народнай газеты" пра выплаты па пазыках: як і чым мы будзем расплочвацца?
Лукашэнка сказаў, што "дзесьці каля 3 млрд долараў выплацілі... Нам мільярд трэба знайсці за гэты год. Я думаю, адзін мільярд мы знойдзем".
Паводле яго словаў, "краіна ў нас не абрынецца ад выплаты гэтых даўгоў. А далей будзе лягчэй".
Дзеля гэтых мэтаў распродажы ўласнасці не будзе, сказаў Лукашэнка.
Лукашэнку запрасілі ў Грузію
Пытанне наконт Грузіі. Лукашэнка сказаў, што адбыліся кансультацыі наконт вяртання Грузіі ў СНД, хаця б назіральнікамі. Але вялікага жадання ў кіраўніцтва Грузіі ён не бачыць. Таму гэтае пытанне будзе тэстам і для новых уладаў Грузіі.
Лукашэнка атрымаў запрашэнне ад прэзідэнта Грузіі і збіраецца бліжэйшым часам правесці перамовы з кіраўнікамі гэтай краіны.
Пра кітайцаў
Лукашэнка абверг, што плануецца масавы прыезд кітайцаў у Беларусь. Ён адзначыў, што "ЕС катэгарычна не прымае прасоўванне Кітая на іх тэрыторыю". "Нам выгадна тое, што прапануе нам Кітай", — падкрэсліў ён. Лукашэнка нагадаў пра тэхнапарк, які з'явіцца пад Смалявічамі. "Калі праект будзе рэалізаваны, мы дадаткова атрымаем каля 45 мільярдаў долараў у краіну", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пра Мікалая і зброю
Лукашэнка: "Мой малодшы Дзеду Марозу ліст адправіў па электроннай пошце! Папрасіў нейкую пнеўматычную зброю... спецназавец будучы...".
Пра бандытаў і бізнесменаў
Лукашэнка: "Я даў каманду ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб усе жулікі, бандыты, бізнесмены ўсе пайшлі да дзяцей [перад Новым годам]. І дзякую ўсім катэгорыям: усе адгукнуліся". (смех у зале)
Пра бамжоў
Супрацоўніца Чашніцкага раённага радыё запыталася пра праблему ўтрыманцаў, што з імі будзе далей? Аказалася, іх на ўліку ў краіне каля 8 тысяч, каля 4 тысяч бамжоў.
"Утрыманцаў і бамжоў розных нахілялі і будзем нахіляць", — сказаў Лукашэнка. І паабяцаў, што ўтрыманцаў будуць "прыціскаць".
Лукашэнка: "Я — стары памежнік"
Лукашэнка не думае, што старшыньства Літвы ў ЕС паўплывае на дачыненні Мінска і Бруселя. "Калі будуць засылаць нам самалёцікі на нашу тэрыторыю, мы будзем узмацняць нашу мяжу", — сказаў Лукашэнка. Ён нагадаў: "Я — стары памежнік".
Пра "канец свету"
Адказваючы на пытанне журналіста АНТ наконт развіцця эканомікі, Лукашэнка адзначыў, што на фінансавым рынку пазітыўныя тэндэнцыі. Прызнаўся, што быў здзіўлены, калі яму распавялі, што валюту ў абменніках купляюць найперш пенсіянеры.
Лукашэнка: "Канца свету" не наступіла. Наступіла стабілізацыя ў нашай эканоміцы.
Кіраўнік дзяржавы згадаў пра правакацыйныя СМС-паведамленні, якія рассылаліся нядаўна.
Пра "чорныя спісы"
Лукашэнка: Нехта Кулінковіч спытаў, ці ведаю я пра "чорныя спісы" беларускіх выканаўцаў. "Не ведаю. Далажыце мне, ці ёсць спісы... Паверце, я нікому такіх даручэнняў не даваў...".
Пра беларускіх спартсменаў
Лукашэнка: Многія нашы спартсмены, як бізнесмены, ездзяць на іншамарках.
Ён абяцае вывучыць сітуацыю з вялізнымі іх заробкамі.
Пра БАТЭ і тэлевізар
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "мае пытанні і да БАТЭ". Хаця футбольны клуб і зарабляе грошы "у апошнія гады", няхай не забываюць, што новы стадыён будуецца найперш за кошт дзяржавы.
Лукашэнка прыгадаў матчы групавога этапа Лігі чэмпіёнаў, якія БАТЭ прайграў з буйным лікам: "Я выключаў тэлевізар, мне было сорамна, крыўдна, да слёз".
Пра Багданкевіча і Чалага
Згадаў Лукашэнка і пытанне "нейкага Чалага эканаміста" наконт таго, што рыхтуецца адстаўка ўраду. Ён назваў яго "пытаннем з палітычным падтэкстам". Лукашэнка распавёў прысутным, "як прымаюцца ў нас рашэнні".
Аляксандр Лукашэнка абверг чуткі пра магчымую адстаўку ўраду: "Думаю, што Чалы пакуль не ў стане замяніць ні прэм'ер-міністра, ні нейкага міністра".
Станіслаў Багданкевіч за аўтаномію Нацбанка выступае, кажа Лукашэнка. Ён працягвае цытаваць пытанні, якія з'явіліся на партале tut.by.
Лукашэнка: "Прэзідэнт у любы момант можа патрабаваць справаздачу, можа кантраляваць яго. Так пакуль будзе".
Пытанне Багданкевіча кіраўнік дзяржавы лічыць палітызаваным. "Нідзе, ні ў якой дзяржаве няма абсалютнай аўтаноміі", — кажа ён.
***
Аляксандр Лукашэнка: Сёння атрымаў апошні агляд СМІ. Адно з пытанняў так званай "Салідарнасці", чакаюць, каб я пакаяўся за праблемы ў эканоміцы. Я думаю, што мяне гэты чалавек чуе, каюся. Тры разы каюся.
***
Ва ўступным слове Аляксандр Лукашэнка адзначыў поспехі ў эканоміцы, у тым ліку рост на 20% "рэальных прыбыткаў насельніцтва". Мінулы год быў складаны, кажа кіраўнік дзяржавы. І з праблемамі ўдалося саўладаць. Лукашэнка адзначыў, што беларусам трэба лепш працаваць.
Прыгадаў "аракулаў", якія запалохвалі насельніцтва негатыўнымі прагнозамі. А ад журналістаў ён патрабуе аб'ектыўнасці.
Нагадаў, што прысутнічаюць вышэйшыя дзяржаўныя службоўцы, якія дапамогуць яму адказаць на пытанні.
***
Пачатак а 12-й гадзіне. Жывая трансляцыя — на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. БЕЛТА адзначае, што, як чакаецца, у мерапрыемстве прыме ўдзел больш за 350 журналістаў з 285 сродкаў масавай інфармацыі.
Тэлеверсія будзе паказана ў вечаровым тэлеэфіры на каналах "Беларусь-1", АНТ, СТВ і "Мір".

Схема рассадкі ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі.
Лукашэнка — Еўрарадыё: Можаце крытыкаваць каго заўгодна, але не абражайце
Еўрарадыё "падбіла" гендырэктара АНТ распавесці анекдот пра Лукашэнку
Фота — Коммерсант
Гэта адбылося пасля пытання на адрас кіраўніка краіны.
Пытанне пра "чорныя спісы" музыкаў задаў галоўны рэдактар Еўрарадыё Віталь Зыблюк: "Магчыма, гэта прымаецца на ўзроўні дробных чыноўнікаў, і прэзідэнт пра іх не ведае?"
Лукашэнка даручыў Аляксандру Радзькову, наесніку кіраўніка Адміністрацыі, разабрацца з "чорнымі спісамі".